Мінск 17:07

Паводле сцвярджэння ЦВК, за тры дні датэрмінова прагаласавала амаль чвэрць выбаршчыкаў — новы рэкорд

Архіўнае фота: "Позірк"

22 лютага, Позірк. За тры дні датэрміновага галасавання на выбарах у Палату прадстаўнікоў і мясцовыя саветы яўка склала 24,44%, паведаміла Цэнтральная выбарчая камісія. У першы дзень яўка нібыта была на ўзроўні 5,94%, па выніках двух дзён — 14,61%.

Нягледзячы на скасаванне парога яўкі (50%), па сцвярджэнні ЦВК, 20, 21 і 22 лютага ў Гомельскай вобласці ўжо прагаласавала 30,68% выбаршчыкаў (у першы дзень — 5,72%; за два дні — 17,55%), у Магілёўскай — 26,07% (6,67%; 15,61%), Брэсцкай — 25,48% (6,13%; 14,85%), Мінскай — 23,56% (6,33%; 14,76%), Віцебскай — 23,39% (6,11%; 14,25%), Гродзенскай — 20,30% (4,02%; 10,57%), у Мінску — 21,35% (6,19%; 13,80%).

Афіцыйныя паказчыкі датэрміновай яўкі па выніках першага, двух і трох дзён — рэкордныя за гісторыю правядзення выбарчых кампаній, сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз архіўных даных ЦВК.

Напрыклад, яўка па выніках трох дзён датэрміновага галасавання на папярэдніх парламенцкіх выбарах у 2019 годзе была абвешчаная на ўзроўні 19,43%, у 2016 годзе — 16,71%, у 2012-м — 12,5%, у 2008-м — 12,3%, у 2004-м — 9,6%.

На прэзідэнцкіх выбарах 2020 года гэты паказчык складаў 22,47%, 2015-га — 18,69%, 2010-га — 11,7%, 2006-га — 9,1%.

У параўнанні з першым днём датэрміновага галасавання на канстытуцыйным рэферэндуме 2022 года яўка была ніжэйшай (5,94% супраць 6,19%), з двума і трыма днямі — вышэйшай (14,61% супраць 14,53% і 24,44% супраць 24,08%).

Датэрміновае галасаванне працягнецца да 24 лютага. Асноўны дзень — 25 лютага. Да выбараў дапушчаныя толькі лаяльныя рэжыму кандыдаты ў дэпутаты.

Электаральная кампанія праходзіць на фоне маштабных рэпрэсій і зачысткі палітычнага поля ад апазіцыі.

Падзяліцца: