Мінск 19:54

На пачатак працы медыяхолдынга Саюзнай дзяржавы плануецца накіраваць больш за 11 млн долараў

Ілюстратыўнае фота: pxhere.com

11 сакавіка, Позірк. На пачатак працы медыяхолдынга Саюзнай дзяржавы (СД) будзе накіравана 1 млрд расійскіх рублёў (больш за 11 млн долараў па актуальным курсе Цэнтрабанка РФ), пішуць “Известия” са спасылкай на дзяржсакратара СД Дзмітрыя Мезенцава.

У холдынг увойдуць газеты “Союзное вече” (“Саюзнае веча”) і “Союз. Беларусь — Россия” (“Саюз. Беларусь — Расія”), часопіс “Союзное государство” (“Саюзная дзяржава”) і тэлерадыёвяшчальная арганізацыя (верагодна, “БелРос”).

Паводле слоў функцыянера, арганізацыя будзе фінансавацца з бюджэту СД. “З улікам інфляцыйнага каэфіцыента сродкі, якія раней накіроўваліся на фінансаванне інфармацыйных рэсурсаў Саюзнай дзяржавы, будуць павялічаныя, – сказаў Мезенцаў. — Па меры працы мы вызначымся: альбо медыякампанія будзе сама зарабляць больш, маючы на ўвазе рэкламны рынак, альбо пасля аналізу першага этапа працы вызначымся, ці неабходнае дадатковае фінансаванне”.

У прыватнасці, адзначыў ён, на фінансаванне тэлерадыёвяшчальнай арганізацыі закладзена 448 млн расійскіх рублёў (амаль 5 млн долараў), “Союзного вече” — 263 млн (2,9 млн), “Союз. Беларусь –— Россия” — 209 млн (2,3 млн), “Союзного государства” — 67 млн (0,7 млн).

Дзяржсакратар СД заявіў, што ў холдынгу будуць працаваць “дасведчаныя і таленавітыя людзі”.

На пачатак 2024 года наклад штотыднёвай газеты Парламенцкага сходу СД “Союзное вече” (у Беларусі распаўсюджваецца ў якасці бясплатнага дадатку да “Народнай газеты”, у Расіі — у складзе “Комсомольской правды”) складаў амаль 319 тыс. экзэмпляраў.

Перыядычнае выданне Савета міністраў СД “Союз. Беларусь — Россия” выходзіць штотыднёвым дадаткам да “СБ. Беларусь сёння” і “Российской газеты” са снежня 1999 года. Наклад — 321,5 тыс. экзэмпляраў.

З 2006 года выдаецца штомесячны часопіс “Союзное государство” (наклад — 15 тыс. экз.).

З ідэяй стварэння медыяхолдынга Саюзнай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка выступіў на пасяджэнні Вышэйшага дзяржсавета 4 лістапада 2021 года ў Маскве. Тады меркавалася, што структура зьявіцца да канца 2022 году.

9 студзеня 2023 года на сустрэчы з Мезенцавым ён назваў новыя тэрміны: “Медыяхолдынг сёлета, пажадана ў першай палове года, павінен запрацаваць”.

30 сакавіка дэпутат Палаты прадстаўнікоў Генадзь Давыдзька на пасяджэнні камісіі Парламенцкага сходу Беларусі і РФ па інфармацыйнай палітыцы, інфармацыйных тэхналогіях і сувязі, якую ён узначальвае, выказаў незадаволенасць “нейкай празмернай засакрэчанасцю і кулуарнасцю” распрацоўкі канцэпцыі медыяхолдынгу.

На пасяджэнні Вышэйшага дзяржсавета СД 6 красавіка Лукашэнка ў чарговы раз заявіў пра неабходнасць стварэння “сур’ёзнага саюзнага медыяхолдынга”. “Мы не маем права прайграць бітву за розумы і сэрцы нашых грамадзян… Ідэалагічнае супрацьстаянне па лініі Захад — Усход не аслабее нават пасля таго, як замаўчаць гарматы. Гэта надоўга”, — сказаў ён.

Летась у ліпені Міністэрства лічбавага развіцця, сувязі і масавых камунікацый РФ паведаміла, што медыяхолдынг Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі з’явіцца “не раней за 2024 год”.

31 кастрычніка 2023 года ў інтэрв’ю тэлеканалу “Беларусь 1” Мезенцаў паведаміў, што стварэнню медыяхолдынгу перашкаджаюць “канцэптуальныя разыходжанні” паміж расійскім і беларускім бакамі. Рознагалоссі, паводле яго слоў, тычыліся бачання “сеткі вяшчання, масіва інфармацыі”.

31 студзеня 2024-га дарадца-пасланнік амбасады Беларусі ў РФ Аляксандр Шпакоўскі заявіў, што медыяхолдынг СД пачне працаваць у поўным аб’ёме да пачатку 2025 года.

Падзяліцца: