Мінск 12:16

Ваенкам Крываносаў, які атрымаў “зарад энергіі і рашучасці” ад Лукашэнкі, стаў кандыдатам у члены СР НС

Ваенкам Крываносаў пасля атрымання "зарада энергіі і рашучасці"
Скрыншот: сюжэт мясцовага тэлебачання пра шосты УНС

14 сакавіка, Позірк. Ваенны камісар Гомельскай вобласці Андрэй Крываносаў вылучаны кандыдатам у члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу (СР НС) ад савета дэпутатаў і выканаўчага камітэта Нараўлянскага раёна, паведамляе мясцовае дзяржаўнае выданне “Прыпяцкая праўда”.

Крываносаў атрымаў вядомасць пасля таго, як падчас шостага Усебеларускага народнага сходу ў лютым 2021 года паціснуў руку Аляксандру Лукашэнку, у выніку чаго, паводле яго слоў, атрымаў “зарад энергіі і рашучасці”. Неўзабаве пасля гэтага ваенкам запісаў відэаролік, як ён перадае гэты “зарад” іншым вайскоўцам.

Паводле інфармацыі “Прыпяцкай праўды”, кандыдатуру Крываносава, прапанаваную старшынёй раённага савета дэпутатаў Наталляй Кузьмянковай, падтрымалі аднагалосна. Ваеннага камісара яна назвала “прыкладам доблесці і служэння Айчыне”.

Сярод кандыдатаў у члены Савета Рэспублікі, чые імёны ўжо апублікаваны, звяртаюць на сябе ўвагу дзеючая старшыня верхняй палаты парламента Наталля Качанава, галоўны ўрач Рэспубліканскага клінічнага медыцынскага цэнтра Ірына Абельская (у медыя яе заўсёды называюць маці малодшага сына Лукашэнкі Мікалая), член цяперашняга складу СР НС і кіраўнік прадстаўніцтва кампаніі “Акумулятарны Альянс” Дзмітрый Баскаў, дырэктар выдавецкага дома “Беларусь сегодня” Дзмітрый Жук, старшыня праўлення ААТ “ААБ Беларусбанк” Віктар Ананіч ды інш.

Пра пачатак вылучэння кандыдатаў у члены СР НС Цэнтрвыбаркам абвясціў 12 сакавіка.

Па восем членаў Савета Рэспублікі абіраюцца ад кожнай вобласці і гарада Мінска таемным галасаваннем мясцовымі саветамі дэпутатаў базавага ўзроўня, яшчэ восем членаў прызначаюцца Аляксандрам Лукашэнкам.

Пры гэтым права вылучэння кандыдатаў у члены СР НС належыць прэзідыумам мясцовых саветаў дэпутатаў базавага ўзроўню і адпаведным выканаўчым камітэтам, а ў сталіцы — прэзідыуму Мінгарсавета і Мінгарвыканкаму. Рашэнне аб вылучэнні кандыдатаў перадаецца ў ЦВК.

Патэнцыйны кандыдат у члены СР НС не можа быць маладзейшы за 30 гадоў, павінен пражываць на тэрыторыі адпаведнай вобласці або Мінска не менш як 5 гадоў, таксама ў дачыненні да яго не мусіць быць абвінаваўчага прыгавору суда, які набыў моц. Ён таксама не мусіць мець грамадзянства (падданства) іншай дзяржавы і дакументаў замежных дзяржаў, што даюць права на льготы і перавагі ў сувязі з палітычнымі, рэлігійнымі поглядамі або нацыянальнай прыналежнасцю.

Вылучэнне кандыдатаў у члены СР НС завершыцца 21 сакавіка. ЦВК, якому перададуць рашэнні, праверыць адпаведнасць парадку вылучэння патрабаванням выбарчага заканадаўства, складзе заключэнне і прыме рашэнне пра рэгістрацыю або матываванае рашэнне аб адмове ў рэгістрацыі.

Падзяліцца: