Мінск 12:41

“Саюз МС-25” з беларускай на борце не адправіўся ў палёт — здарылася аўтаматычная адмена пуску (дапоўнена)

Аляксандр Лукашэнка і Марына Васілеўская ў Цэнтры падрыхтоўкі касманаўтаў ім. Гагарына ў падмаскоўным Зорным гарадку (снежань 2022 гады)
Фота: sb.by

Дададзены 3–10 абзацы

21 сакавіка, Позірк. Пілатуемы карабель “Саюз МС-25” з беларускай Марынай Васілеўскай на борце не адправіўся ў экспедыцыю.

Як паведамілі ў прамым эфіры з Цэнтра кіравання палётамі (РФ), адбылася аўтаматычная адмена пуску.

За пяць хвілін да старту, згодна з прамой трансляцыяй, усё ішло ў штатным рэжыме — спецыялісты і экіпаж прымалі інфармацыю і працягвалі рыхтавацца.

Паўторны пуск можа адбыцца 22 сакавіка ў гэты ж час (16.21), сказана падчас прамога эфіру.

Дзяржкарпарацыя “Раскосмас” пакуль не каментуе тое, што адбылося.

Першапачаткова палёт з удзелам беларускі быў запланаваны на сакавік 2023 года. Пасля было заяўлена, што з-за ўзніклай няштатнай сітуацыі ён будзе перанесены на восень. Пазней тэрмін перанеслі яшчэ на паўгода. Таксама называўся люты 2024-га. Апошняй да сённяшняй даты было 13 сакавіка.

Васілеўская 6 студзеня ў Мінску па выніках сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам заявіла, што возьме з сабой у палёт сямейную дзіцячую фатаграфію, флагі Беларусі і Акадэміі навук, а таксама алімпійскі флаг.

29 мая 2023-га паведамлялася, што бортправадніца авіякампаніі “Белавія” прызначаная ў асноўны склад экіпажа для палёту на Міжнародную касмічную станцыю. Васілеўская пазначана ў якасці ўдзельніцы касмічнага палёту ў місіі ЭП-21.

Другая прэтэндэнтка на ўдзел у палёце на МКС ад Беларусі, дзіцячы хірург Анастасія Лянкова, увайшла ў дублюючы склад экіпажа.

Для палёту ў космас медкамісію змаглі прайсці шэсць прэтэндэнтак, спачатку ў Беларусі, потым у Расіі.

Падзяліцца: