Мінск 01:15

Дзяржпагранкамітэт абвінаваціў польскіх і літоўскіх калег у адмове прапусціць на тэрыторыю ЕС аўтобус з дзецьмі з Малдовы

Фота: прэс-служба ДПК

29 сакавіка, Позірк. Дзяржпагранкамітэт абвінаваціў польскіх і літоўскіх калег у адмове прапусціць на тэрыторыю Еўрасаюза аўтобус з удзельнікамі малдаўскай дзіцячай харавой студыі “Рапсодыя”.

Паводле інфармацыі пагранведамства, пасля выступлення ў Беларусі група з 25 пасажыраў, 12 з якіх — дзеці, накіраваліся “на сваю радзіму праз беларуска-польскі пункт пропуску “Брэст”, які пакінулі 27 сакавіка каля 23 гадзін.

“Аднак, да 2 гадзін 28 сакавіка вярнуліся назад. Польскі бок не пусціў іх у сваю краіну з прычыны непрызнання аўтобуса рэйсавым (адсутнасці ліцэнзіі перавозчыка), — удакладняе Дзяржпагранкамітэт. — Грамадзяне паспрабавалі пракласці свой шлях праз беларуска-літоўскую мяжу. Другая спроба <…> зноў аказалася беспаспяховай. Сёння на пачатку 7 раніцы дзеці вярнуліся ў Беларусь”.

Паводле словаў кіраўніцы калектыву Наталлі Барабаншчыкавай, апублікаваным у сацсетках, 22 сакавіка хор “выступіў у Варшаве, а затым адправіўся на канцэрт у Беларусь”. Пасля выступу калектыў на сваім аўтобусе выехаў з Брэста і паспрабаваў пакінуць Беларусь праз мяжу з Польшчай, аднак іх не прапусцілі.

“Існуе нейкі закон, пра які не ведае ніхто ў нашай краіне, што мы не можам як транзітныя пасажыры, паколькі мы не рэйсавы аўтобус, выехаць з Беларусі, — заявіла Барабаншчыкава. — Нашая амбасада параіла нам праехаць праз Літву, з мяжы Літвы нас вяртаюць назад у Беларусь”.

Дзяржпагранкамітэт сцвярджае, што “літоўцы кіроўцу аўтобуса выпісалі адмову аб уездзе з прычыны “выдзялення пагрозы бяспецы Літвы”.

Гродзенскі аблвыканкам у сваім тэлеграм-канале заявіў, што музычны калектыў з Малдовы “не кінулі ў бядзе”.

“Аўтобус забралі з мяжы. Калектыў размясцілі ў адной са школ Ашмянскага раёна, — гаворыцца ў паведамленні. — Удзельнікаў калектыву накармілі сняданкам, рыхтуецца абед. Далі магчымасць прыняць гігіенічныя працэдуры. Арганізавалі вольны час. Пакуль вырашаюцца іншыя пытанні, калектыў будзе забяспечаны ўсім неабходным, у тым ліку, харчаваннем і пры неабходнасці медыцынскай дапамогай”.

Малдаўскі навінавы тэлеграм-канал “Бельцы Анлайн”, спасылаючыся на палітолага Аляксандра Карніенку сцвярджае, што “малдаўскія дзеці, якія знаходзіліся ў аўтобусе, які захраснуў на літоўскай мяжы, ляцяць на самалёце дадому”.

Падзяліцца: