Мінск 04:27

Крымінальная справа Франака Вячоркі накіраваная ў суд

Фота: старонка Франака Вячоркі ў "Х"

11 красавіка, Позірк. Крымінальная справа Франака Вячоркі, галоўнага дарадцы дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай, накіраваная ў суд, паведамляе Генеральная пракуратура.

Ведамства заяўляе, што “ўсебаковае, поўнае і аб’ектыўнае” папярэдняе расследаванне дакладна кваліфікавала “супрацьпраўныя дзеянні абвінавачанага”.

“Прад’яўленае Вячорку Ф.В. абвінавачванне абгрунтаванае наяўнымі ў крымінальнай справе доказамі. Мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту прымененая да яго правільна, падстаў для яе змены альбо адмены не маецца”, — гаворыцца ў паведамленні.

Сцвярджаецца, “шэраг злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасці, у тым ліку супраць дзяржавы” абвінавачаны здзейсніў “у перыяд, які папярэднічае прэзідэнцкім выбарам 2020 года, падчас, а таксама пасля іх правядзення”.

“У інтарэсах дзяржавы” Вячорку таксама заяўлены пазоў аб кампенсацыі маёмаснай шкоды на суму больш за 30,9 млн рублёў.

Дарадца Ціханоўскай пражывае за мяжой, суд над ім пройдзе завочна.

Пра пачатак спецвытворчасці ў дачыненні да Вячоркі Следчы камітэт паведаміў 16 лютага. У прэс-рэлізе СК ён быў названы “Францишеком Вечёрко” і “так званым дарадцам Ціханоўскай”.

36-гадоваму палітыку інкрымінаваныя дзевяць артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 3 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці і варажнечы), ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся гвалтам над асобай, пагромамі, падпаламі, знішчэннем маёмасці або ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады), ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх), ч. 1 арт. 356 (здрада дзяржаве), ч. 1 арт. 357 (змова ці іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады), ч. 3 арт. 361 (заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі), ч. 1 і 2 арт. 3611 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзел у ім, у тым ліку паўторна), ч. 2 арт. 367 (паклёп у дачыненні да прэзідэнта), арт. 3691 (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь).

Спецыяльная вытворчасць — вытворчасць па крымінальнай справе ў дачыненні да абвінавачанага, які знаходзіцца па-за межамі Беларусі і ўхіляецца ад яўкі ў орган, які вядзе крымінальны працэс. Магчымая па 34 складах злачынстваў, якія пераважна адносяцца да катэгорыі цяжкіх і асабліва цяжкіх. Сярод іншага гэта акт тэрарызму, генацыд, найміцтва, здрада дзяржаве, дыверсія, стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзел у ім, масавыя беспарадкі, заклікі да санкцый і інш.

Вячорка: Хай задушацца сваёй спецвытворчасцю і сваімі артыкуламі

Апублікавана на адкрытай версіі "Позірку" 17 лютага 2024 года 16 лютага, Позірк. "Хай задушацца сваёй спецвытворчасцю і сваімі артыкуламі", — так пракаментаваў "Позірку" распачатую Следчым камітэтам супраць яго спецвытворчасць галоўны дарадца дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка. Ён падкрэсліў, што …
Падзяліцца: