Мінск 23:07

Ціханоўская ў дзень нараджэння Марыі Калеснікавай заклікала працягваць падтрымку палітвязняў

Архіўнае фота: тэлеграм-канал Святланы Ціханоўскай

24 красавіка, Позірк. “У Беларусі зараз амаль дзве сотні жанчын-палітвязняў, сумарна прысуджаных да сотняў гадоў за кратамі. А час, які адбірае ў іх рэжым — немагчыма папоўніць”, — заявіла дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская 24 красавіка з нагоды дня нараджэння сваёй паплечніцы Марыі Калеснікавай.

“24 красавіка — дзень народзінаў Марыі Калеснікавай. Нашай Машы, чыя прамяністая ўсмешка стала падтрымкай для тысячаў беларусаў. Калі “рэжым з жанчынамі не ваюе”, то як жа так атрымліваецца, што ўжо чацвёрты год Маша сустракае гэты дзень за кратамі? Што гэта, калі не вайна?” — адзначыла палітык.

Таму, на яе думку, “так важна працягваць падтрымліваць палітвязняў і іх сем’і: сваімі гісторыямі ў лістах, добрымі словамі і данатамі, калі гэта для вас бяспечна”.

“Нашае адзінства, салідарнасць і чалавечнасць — гэта тое, што дапаможа нам выстаяць даўжэй за любы рэжым і разам прыйсці да таго, у што мы верым”, — лічыць дэмлідар.

Родныя Калеснікавай без сувязі з ёй ужо больш за год, нагадала экс-кандыдат у прэзідэнты.

“І я не ведаю, калі нашыя лісты і віншаванні дойдуць да адрасаткі. Ці дойдуць увогуле? Але я ведаю напэўна, якому падарунку яна была б радая. Абдыміце тых, хто побач з вамі. Патэлефануйце тым, хто далёка. Будзьце адзін у аднаго”, — адзначыла яна.

Прыгавораная 6 верасня 2021 года да 11 гадоў пазбаўлення волі Марыя Калеснікава была спікерам і кіраўніцай выбарчага штаба былога старшыні праўлення “Белгазпрамбанка” Віктара Бабарыкі на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года. Пасля затрымання экс-банкіра далучылася да каманды Ціханоўскай і стала адной з прадстаўніц аб’яднанага штаба нараўне з Веранікай Цапкала, жонкай яшчэ аднаго прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Валерыя Цапкалы.

У лістападзе 2022 года Калеснікаву экстрана прааперавалі ў Гомельскай гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі, куды яе даставілі ў цяжкім стане. У палітзняволенай дыягнаставалі перытаніт (запаленне брушыны), які стаў ускладненнем прабадной язвы.

Праз інфармацыйную блакаду, якую чыніць адміністрацыя калоніі, інфармацыі пра яе стан практычна няма.

Палітзняволеная зазнае “моцныя праблемы са здароўем, у тым ліку высокі ціск”, паведаміла 11 красавіка палчас анлайн-дыскусіі пра жанчын у няволі заснавальніца ініцыятывы “Палітвязынка” Яўгенія Доўгая. Паводле яе інфармацыі, Калеснікавай “не аказваюць неабходную медыцынскую дапамогу”.

Калеснікавай споўнілася 42 гады.

На 24 красавіка ў Беларусі 1.404 чалавекі прызнаныя праваабаронцамі палітзняволенымі.

Падзяліцца: