Мінск 21:45

Следчы ізалятар № 1 пераехаў з Пішчалаўскага замка ў прыгарад Мінска

Пішчалаўскі замак — стары будынак следчага ізалятара № 1
Фота: "Позірк"

29 красавіка, Позірк. Следчы ізалятар № 1 МУС 29 красавіка перадыслакаваны з мінскага Пішчалаўскага замка на вул. Валадарскага (адсюль неафіцыйная назва “Валадарка”) у новы комплекс на тэрыторыі прысталічнай прамысловай зоны “Калядзічы” (каля вёскі Пашкавічы ў Мінскім раёне).

Паводле інфармацыі праваабарончага цэнтру “Вясна”, гэта вынікае з абвесткі на ўваходзе ў стары будынак ізалятара.

Пра перавод вязняў з будынка на вул. Валадарскага іх сваякі пачалі даведвацца некалькі месяцаў таму, але пераезд зацягваўся. Прымаць перадачы пенітэнцыярная ўстанова перастала некалькі тыдняў таму.

Паводле інфармацыі праваабарончай ініцыятывы Dissidentby, расфармаванне ізалятара ў Пішчалаўскім замку пачалося 24 красавіка. Частку вязняў перавялі не ў новы комплекс пад Мінскам, а ў ізалятары Жодзіна (Мінская вобласць) і Магілёва.

Узвесці “комплекс будынкаў і збудаванняў” следчага ізалятара, рэспубліканскай агульнасаматычнай бальніцы і спадарожнай інфраструктуры ў прамзоне “Калядзічы” Аляксандр Лукашэнка даручыў яшчэ 7 чэрвеня 2010 года ўказам № 288. Чакалася, што бальніцу пабудуюць да 2013 года, ізалятар — да 2015-га, але планы штогод адсоўваліся.

Падзяліцца: