Мінск 13:19

Мінфін: За два гады ўнёсак малога прадпрымальніцтва ў бюджэт перавысіў 600 млн рублёў

Фота: belnovosti.by

2 траўня, Позірк. За апошнія два гады ўклад суб’ектаў малога прадпрымальніцтва ў бюджэт перавысіў 600 млн рублёў, заявіў на прэс-канферэнцыі 2 траўня першы намеснік міністра фінансаў Дзмітрый Кійко.

Ён назваў гэты паказчык “досыць вялікімі лічбамі”, падкрэсліўшы, што “паступленні ад малога прадпрымальніцтва фарміруюць мясцовы бюджэт”.

Намеснік кіраўніка Мінфіна адзначыў, што дзейнасць дробнага бізнесу ў Беларусі накіраваная на рэалізацыю “прадпрымальніцкага патэнцыялу чалавека”, пачынаючы “з простых формаў, якія не патрабуюць адміністрацыйных умяшанняў і дадатковага рэгулявання”.

Папраўкі ў закон аб прадпрымальніках ён назваў “цалкам апраўданымі”, бо яны “ў тым ліку ліквідуюць залішнюю канкурэнцыю” паміж суб’ектамі розных форм бізнесу.

У Беларусі, паводле яго слоў, “у цяперашні час назіраюцца” самазанятыя, якія канкуруюць з ІП, самі ж індывідуальныя прадпрымальнікі навязваюць канкурэнцыю арганізацыям, “прычым часта па перасякальных відах дзейнасці”. “Закон — гэта такое ўпарадкаванне ўсіх гэтых пытанняў”, — сказаў намеснік міністра.

На думку Кійко, прынятыя новаўвядзенні дапамогуць вырашыць згаданыя праблемы “без залішняга фіскальнага ціску, у тым ліку адміністрацыйнага рэгулявання”, гэта павысіць “аддачу суб’ектаў малога прадпрымальніцтва ў фінансаванні дзяржаўных выдаткаў, гэта значыць, фарміраванні бюджэту краіны”.

22 красавіка Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон па пытаннях прадпрымальніцкай дзейнасці. Дакумент устанаўлівае “абноўленую архітэктуру прадпрымальніцтва”, якая прадугледжвае “дзве катэгорыі, якія займаюцца прадпрымальніцкай дзейнасцю: юрыдычныя і фізічныя асобы”.

Да юрыдычных асоб аднесеныя малыя арганізацыі з колькасцю працуючых да 100 чалавек, сярэднія — да 250 і буйныя — звыш 250, да фізічных асоб — рамеснікі, уладальнікі аграэкасядзіб, самазанятыя, індывідуальныя прадпрымальнікі.

Віды дзейнасці, якія змогуць ажыццяўляць індывідуальныя прадпрымальнікі, будуць вызначаныя ўрадам да 1 ліпеня. Па відах дзейнасці, якія не ўвойдуць у плануемы пералік, з 1 кастрычніка спыняецца рэгістрацыя новых індывідуальных прадпрымальнікаў.

Таксама ўстанаўліваецца абавязак пераходу да 1 студзеня 2026 года дзеючых індывідуальных прадпрымальнікаў у юрыдычныя асобы.

Падзяліцца: