Мінск 14:23

У спіс “экстрэмістаў” МУС дадало 23 чалавекі, у тым ліку журналіста Зянкова

Фота: сацсеткі Аляксандра Зянкова / праваабарончы цэнтр "Вясна"

6 траўня, Позірк. У пералік асоб, “датычных да экстрэмісцкай дзейнасці”, 3 траўня дабаўлена яшчэ 23 чалавекі, цяпер у ім 4.034 пазіцыі.

Згодна з абноўленым дакументам на сайце МУС, дзевяць уключаных у спіс знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі, насупраць прозвішчаў 13 стаіць адзнака “судзімасць не пагашана”, аднаго — “прымусовыя меры бяспекі і лячэння”

З пазбаўленых волі палітвязнямі прызнаныя журналіст Аляксандр Зянкоў, а таксама Галіна Краснянская і Валерый Самсоненка.

Зянкоў асуджаны па арт. 3611 Крымінальнага кодэкса (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім) на тры гады пазбаўлення волі, Краснянская – на пяць гадоў пазбаўлення волі па арт. 3613 (удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фарміраванні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяннях, вярбоўка або падрыхтоўка асоб да такога ўдзелу), Самсоненка — на адзін год па арт. 370 (здзек з дзяржаўных сімвалаў).

Па дадзеных МУС, прызнаныя “экстрэмістамі” Яўген Пруднікаў і Вольга Пруднікава адбываюць пакаранне. Аднак яны былі завочна асуджаныя ў красавіку кожны на два гады пазбаўлення волі па арт. 342 КК (арганізацыя або актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

Астатнія чацвёра тых, хто адбывае пакаранне — Юрый Майсеенка, Аляксандр Гурджыеў, Яўген Зайцаў і Андрэй Бурак — палітвязнямі на дадзены момант не лічацца, хоць асуджаныя па артыкулах, якія ўлады актыўна выкарыстоўваюць для палітычнага пераследу, сярод іх арт. 3611, арт. 342 КК.

Фінансавыя аперацыі асоб, уключаных у “спіс экстрэмістаў”, кантралююцца “з мэтай прадухілення легалізацыі даходаў, атрыманых злачынным шляхам, і фінансавання экстрэмісцкай дзейнасці”.

Цягам пяці гадоў пасля выканання судовых рашэнняў людзі з гэтага пераліку не могуць займацца педагагічнай і выдавецкай дзейнасцю, быць на дзяржслужбе, карыстацца зброяй.

Падзяліцца: