Мінск 17:25

Лукашэнка 9 траўня будзе на парадзе ў Маскве

Лукашэнка на леташнім парадзе ў Маскве
Фота: сайт Лукашэнкі

6 траўня, Позірк. Аляксандр Лукашэнка 9 траўня наведае ваенны парад на Краснай плошчы ў Маскве, паведаміла яго прэс-служба.

Пазней у гэты дзень ён прыме ўдзел у мерапрыемстве на плошчы Перамогі ў Мінску.

Паводле слоў памочніка прэзідэнта РФ Юрыя Ушакова, напярэдадні ў Маскве збяруцца лідары краін — удзельніц СНД, дзе ад імя расійскага боку будзе дадзены абед.

На сёння, адзначыў ён, вядома, што ў парадзе і цырымоніі ўскладання кветак да магілы Невядомага салдата ў сталіцы РФ возьмуць удзел кіраўнікі Беларусі, Гвінеі-Бісаў, Казахстана, Кыргызстана, Лаоса, Кубы, Таджыкістана і Туркменістана.

Прэс-служба Лукашэнкі пазней паведаміла, што 8 траўня ў Маскве ён возьме ўдзел у пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета, дзе “акрэсліць пазіцыю Беларусі ў асноўных пытаннях парадку дня і выкажацца пра перспектывы далейшага развіцця еўразійскай інтэграцыі”.

У 2023 годзе Лукашэнка прыляцеў у Маскву таксама 8 траўня, дзе на наступны дзень узяў удзел у парадзе. На кадрах, распаўсюджаных расійскімі СМІ, відаць, што ў яго была перабінтаваная рука. Ён з цяжкасцю перасоўваўся, да месца ўскладання вянкоў яго падвозілі, хоць лідары краін СНД, якія ўдзельнічалі ў цырымоніі, перасоўваліся пешшу. Акрамя таго, быў прапушчаны “нефармальны сняданак”, які ладзіў прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін.

Увечары Лукашэнка ўдзельнічаў у цырымоніі ўскладання вянкоў да манумента на плошчы Перамогі ў Мінску, але не выступаў — упершыню за ўсе гады ва ўладзе. Замест яго прамаўляў міністр абароны Віктар Хрэнін. Мерапрыемства, якое транслявалі тэлеканалы, доўжылася 20 хвілін.

Гэтым разам, сцвярджае прэс-служба, выступаць на мерапрыемстве ў беларускай сталіцы Лукашэнка будзе.

Падзяліцца: