Мінск 18:58

Агульная колькасць цяперашніх і былых палітвязняў перавысіла 3.100 — “Вясна”

6 траўня, Позірк. На канец красавіка 2024 года ў Беларусі ў месцах пазбаўлення волі знаходзілася 1.386 палітвязняў, з іх 166 жанчын; за месяц праваабарончая супольнасць прызнала такімі 65 чалавек, гаворыцца ў штомесячным аглядзе сітуацыі з правамі чалавека, падрыхтаваным праваабарончым цэнтрам “Вясна”. Сам цэнтр пазбаўлены дзяржаўнай рэгістрацыі яшчэ ў 2003 годзе, яго кіраўнікі, у тым ліку лаўрэат Нобелеўскай прэміі Алесь Бяляцкі, адбываюць працяглыя тэрміны зняволення па палітычна матываваных крымінальных справах.

Не менш за 1.760 палітвязняў, у тым ліку 394 жанчыны, паводле інфармацыі праваабаронцаў, вызвалена з месцаў пазбаўлення волі ў сувязі з адбыццём пакарання, змяненнем меры стрымання, прызначэннем пакарання, не звязанага з пазбаўленнем волі, а таксама ў сувязі з амністыяй і памілаваннем.

“Такім чынам, сумарная колькасць палітвязняў і былых палітвязняў няўхільна расце, іх агульная колькасць набліжаецца да 3.150, сярод якіх больш за 550 жанчын”, — адзначаюць праваабаронцы. Агуламо “Вясне” вядома прыкладна пра 4 950 асуджаных па палітычных матывах.

Праваабаронцы канстатуюць, што правы чалавека ў краіне “па-ранейшаму паўсюдна і сістэматычна парушаюцца”, узровень рэпрэсій у дачыненні да “палітычных праціўнікаў рэжыму і іншадумцаў” застаецца на “крытычна высокім узроўні”.

У красавіку “Вясне” стала вядома не менш чым пра 541 выпадак рэпрэсій (судоў і затрыманняў), звязаных з крымінальным і адміністрацыйным пераследам, у тым ліку не менш чым пра 531 выпадак палітычна матываванага адміністрацыйнага разбору ў судзе. Суддзі прызначылі не менш за 31 адміністрацыйны арышт, 45 штрафаў, адзін раз — грамадскія працы.

Праваабаронцы па-ранейшаму рэгулярна выяўляюць і дакументуюць факты ўжывання катаванняў і забароненых відаў звароту падчас расследавання палітычна матываваных крымінальных спраў, забароненых відаў звароту ў адміністрацыйным працэсе, а таксама пераследу і пазбаўлення волі па палітычных матывах, адзначаецца ў справаздачы.

Акрамя таго, “не змяншае абароты” распаўсюджаная ў праваахоўных органаў практыка публікацыі відэазапісаў з “прызнаннем” віны і выбачэннямі, зробленых пад прымусам. Яна паступова распаўсюджваецца не толькі на палітычна матываваныя затрыманні, але і на “затрыманні за выказванне іншадумства ў шырокім разуменні”. Напрыклад, у красавіку быў затрыманы і прымушаны прыносіць прабачэнні на камеру мужчына, які ў сацсетках апублікаваў кадры дрэннай дарогі.

На палітвязняў працягваюць жорстка ціснуць у месцах пазбаўлення волі, у прыватнасці шляхам падаўжэння тэрміну пазбаўлення волі нібыта за непадпарадкаванне адміністрацыі. Паводле звестак праваабаронцаў, на 23 красавіка 2024 года як мінімум 71 палітвязня перавялі на турэмны рэжым, супраць яшчэ 37 пачалі новыя крымінальныя справы паводле арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі).

На канец красавіка экстрэмісцкімі фарміраваннямі абвешчана 199 суб’ектаў. У пералік “грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці”, за месяц уключана 79 чалавек, на канец красавіка там фігуравалі імёны 4.011 чалавек.

Падзяліцца: