Мінск 15:29

Мяжу з Беларуссю ахоўваюць каля 6 тыс. чалавек — намеснік міністра абароны Польшчы

Фота: strazgraniczna.pl

13 траўня, Позірк. Мяжу з Беларуссю ахоўваюць каля 6 тыс. вайскоўцаў, паліцэйскіх і памежнікаў, паведаміў намеснік міністра абароны Польшчы Цэзары Томчык.

Ваенны чыноўнік, якога цытуе тэлеканал tvn24, пацвердзіў чарговую заяву прэм’ер-міністра Дональда Туска аб тым, што загарода на мяжы дзвюх краін будзе мадэрнізаваная.

Паводле слоў Томчыка, дадатковыя ўмацаванні, закліканыя зрабіць плот непераадольнай перашкодай, распрацаваныя Сілезскім тэхналагічным універсітэтам у Глівіцэ і інжынерамі Мінабароны. Цяпер праз загароду можна прайсці з дапамогай дамкрата, адзначыў намеснік міністра.

“Мы распавядалі пра тое, што гэта затычка і так быць не павінна, таму што (…) падвоз імігрантаў, перасячэнне мяжы — гэта сапраўды пагроза для Польшчы, — сказаў Томчык.

Паводле яго, краіна змагаецца з “велізарнай пагрозай” з боку Беларусі. “Польскія вайскоўцы і службы даюць гэтаму рады”, — лічыць прадстаўнік абароннага ведамства.

21 сакавіка Томчык паведаміў, што з ліпеня 2021 года да аховы мяжы прыцягнута 5,6 тыс. вайскоўцаў; у 2022-м — 6,7 тыс.; у 2023-м — 3 тыс., з пачатку 2024-га — 4,6 тыс. За гэты перыяд “выстаўлена 280 тыс. наглядальных пастоў і арганізавана больш за 250 тыс. патрулёў”.

У чэрвені 2023 года Польшча завяршыла ўзвядзенне 206-кіламетровага плота ўздоўж мяжы з Беларуссю.

Сёлета 16 лютага Дональд Туск заявіў, што загарода павінна быць мадэрнізаваная “ў самыя кароткія тэрміны”.

З пачатку 2024 года памежныя службы суседніх краін ЕС зафіксавалі 14.239 спроб незаконнага пранікнення з Беларусі — на 12% больш, чым за аналагічны леташні перыяд (12.716), сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз публікуемых імі звестак. Польшча спыніла 12.311 спроб (+37,9%; 8.929). На яе долю прыпадае 86,5% усіх спроб.

Падрабязная статыстыка даступная падпісчыкам “Позірк+”.

Падзяліцца: