Мінск 08:14

Палітзняволеная Шарэнда-Панасюк у СІЗА, ёй збіраюцца выставіць новае абвінавачанне

Паліна Шарэнда-Панасюк
Архіўнае фота: сацсеткі Андрэя Шарэнды

21 траўня, Позірк. Палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк, вызваленне якой чакалася 21 траўня, знаходзіцца ў гомельскім следчым ізалятары, паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна” са спасылкай на яе мужа Андрэя Шарэнду.

Паводле яго інфармацыі, Шарэнда-Панасюк 19 траўня затрымалі на трое сутак на патрабаванне Рэчыцкага раённага аддзяла Следчага камітэта. “Сёння ёй павінны выставіць новае абвінавачанне, яго сутнасць пакуль невядомая”, — гаворыцца ў паведамленні.

Раней Андрэй Шарэнда канстатаваў, што яго жонка не выйшла на волю. Ён напісаў на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку”, што 19 траўня жанчыну некуды павезлі з калоніі № 24 у Зарэччы (Рэчыцкі раён Гомельскай вобласці).

Паводле інфармацыі праваабарончай ініцыятывы Dissidentby, 2 траўня суд Рэчыцкага раёна (Гомельская вобласць) ўсталяваў за палітзняволенай прэвентыўны нагляд. Гэтая мера прадугледжвае назіранне органаў унутраных спраў за тым, як вызваленая з месцаў пазбаўлення волі асоба выконвае часовыя абмежаванні і ўскладзеныя на яе абавязкі.

15 красавіка, паводле інфармацыі Андрэя Шарэнды, адвакату не дазволілі сустрэцца з падабароннай.

22 сакавіка стала вядома, што жанчына звярнулася з прашэннем аб памілаванні да Аляксандра Лукашэнкі. Пра гэта яна паведаміла ў інтэрв’ю дзяржтэлеканалу “Беларусь 1”.

“Якую б лухту сёння ні паказвалі лукашысцкія памыйніцы, трэба разумець, што Паліна ратуе сваё жыццё. І верыць лукашысцкім памыйніцам нельга”, — пракаментаваў анонс на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку” яе муж.

У чэрвені 2021 года суд Маскоўскага раёна Брэста прыгаварыў Шарэнда-Панасюк да двух гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму паводле арт. 364 (гвалт у дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў), 369 (абраза прадстаўніка ўлады) і 368 (абраза прэзідэнта) Крымінальнага кодэкса.

У красавіку 2022 года палітзняволеную прыгаварылі яшчэ да аднаго года зняволення паводле ч. 1 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі), у кастрычніку 2023-га — яшчэ да аднаго года паводле таго ж артыкула.

21 сакавіка стала вядома, што Камітэт ААН па ліквідацыі дыскрымінацыі жанчын заклікаў Беларусь зрабіць тэрміновыя захады для абароны Паліны Шарэнда-Панасюк. Гэта першы такі выпадак па справах супраць Беларусі.

Раней муж, які знаходзіцца з дзецьмі ў эміграцыі, паведамляў, што Шарэнда-Панасюк “мінімум 32 разы змяшчалася ў нечалавечыя ўмовы” штрафнога ізалятара і карцара, а яшчэ “каля 150 дзён” правяла ў памяшканні камернага тыпу.

Падзяліцца: