Мінск 17:27

БФСС паказальна рыхтуе судовыя пазовы супраць абвясціўшых яму вотум недаверу — Апейкін

Фота: "Еўрарадыё"

27 траўня, Позірк. Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці (БФСС) падасць “адзін ці два” судовыя пазовы ў адказ на вотум недаверу, аб’яўлены яму 22 траўня шэрагам незалежных прадстаўнікоў беларускага спорту, заявіў 27 траўня яго старшыня, былы дырэктар гандбольнага клуба “Віцязь-Ляон” Аляксандр Апейкін.

Як паведаміў функцыянер у відэазвароце, апублікаваным у тэлеграм-канале БФСС, гэта “пытанне выключна прынцыповае, таму што такімі заявамі наносіцца сур’ёзная шкода рэпутацыі фонду”.

“Проста з прынцыпу, напэўна, адзін ці два зыскі судовых мы ўсё ж такі пададзім, — падкрэсліў кіраўнік БФСС. — Паказальна. Таму што ў гэтым спісе аказаліся людзі, якія мне здаваліся свядомымі, <…> маюць нейкую адукацыю, з’яўляюцца дарослымі”.

У судовыя органы якіх краін плануецца іх накіраваць, не ўдакладняецца.

Паводле слоў кіраўніка фонду, заявы аб махінацыях арганізацыі “гучаць ужо два гады” і зыходзяць ад людзей, “якія змагаліся з рэжымам адзін год, а тры гады яны змагаюцца з БФСС”. “Там насамрэч усяго чатыры прозвішчы людзей <…>, якім нешта недадалі напэўна, ці нешта яны недаатрымалі, і вось у іх ідзе пастаянна такая хваля”, — сказаў Апейкін.

Характарызуючы вотум недаверу, экс-функцыянер заявіў, што “гэта ўсё бздура, першапачаткова трэба разумець, што гэта такія медыйныя ўкідванні”, якія на працу арганізацыі “ніякім чынам не ўплываюць”, а тэма “мала каму цікавая” і як “лакальнае тарнада” не выйдзе “на шырокія аўдыторыі”.

Вотум недаверу Апейкіну і Беларускаму фонду спартыўнай салідарнасці, які ён узначальвае, выказаў 22 мая шэраг незалежных прадстаўнікоў беларускага спорту: дзейныя і былыя спартсмены, трэнеры.

Усяго пад лістом, апублікаваным у сацсетках, падпісаліся 42 чалавекі, сярод якіх Аляксандра Герасіменя (кіравала фондам да красавіка 2022 года), Кацярына Сныціна, Алег Дулуб, Алена Леўчанка і іншыя.

Сярод агучаных прэтэнзій — неналежнае выкананне ўзятых на сябе абавязацельстваў перад спартсменамі, распаўсюджванне паклёпу і правакацый у адносінах да калег, а таксама распаўсюджванне ілжывых выказванняў і маніпуляцый у супольнасцях і групах, невыкананне даўгавых абавязацельстваў, адсутнасць празрыстай фінансавай справаздачнасці ў дзейнасці на пасадзе выканаўчага дырэктара БФСС.

У апублікаванай 27 снежня 2023 года справаздачы БФСС аб працы, праведзенай з 2020 па 2023 год, паведамлялася, што на падтрымку “спартсменаў, якія пацярпелі за сваю грамадзянскую пазіцыю, звольненых і вымушаных пакінуць” краіну, фонд накіраваў больш за 500 тыс. еўра.

Фонд узнік у 2020 годзе на фоне масавых пратэстаў, у тым ліку з удзелам спартсменаў.

Падзяліцца: