Мінінфарм назваў “найгрубейшай праявай цэнзуры” чарговую хвалю блакавання ютуб-каналаў дзяржСМІ

15 верасня, Позірк. Міністэрства інфармацыі Беларусі расцэньвае як “найгрубейшую праяву цэнзуры паводле нацыянальных прыкмет і інфармацыйнай сегрэгацыі” чарговую хвалю блакавання каналаў дзяржаўных СМІ з боку відэахостынгу “Ютуб”.
У адказ на блакаванне ведамства “настойліва рэкамендавала” грамадзянам Беларусі “у далейшым аддаваць перавагу іншым, у першую чаргу нацыянальным, відэаплатформам, якія не практыкуюць у сваёй працы падобныя дыскрымінацыйныя падыходы”.
У прыватнасці, гаворка пра праект videobel.by, які пазіцыянуе сябе як “мультымедыйны партал, дзе ў адным месцы сабраны грамадска-палітычны кантэнт, які вырабляюць вядучыя СМІ Беларусі”.
Відэаплатформа, “якая не практыкуе ў сваёй працы дыскрымінацыйныя падыходы”, прапануе кантэнт выключна беларускіх дзяржаўных СМІ, ніякай інфармацыйнай альтэрнатывы там няма.
14 верасня “Ютуб” заблакаваў шэраг каналаў, звязаных з праўладнымі медыя, адзін з іх — проста падчас жывога эфіру. “Проста цяпер, у разгар абмеркавання Дня народнага адзінства і гістарычнай праўды, ІT-гігант заблакаваў наш акаўнт. Складваецца меркаванне, сумленная размова і экспертная ацэнка падзей 1939 года некаму вельмі моцна муляе вочы”, — паведамленне такога зместу з’явілася ў тэлеграм-канале ток-шоу “По существу” на тэлеканале СТБ.
Пазней стала вядома, што відэахостынг выдаліў і іншыя каналы, звязаныя з праўладнымі СМІ: Radio Kultura BY, “Радыё Сталіца”, “Первый канал белорусского радио”, “Беларусь-РТР”, “ДХ Шоу”, праекты тэлеканала СТБ.
Сёлета ў красавіку “Ютуб” выдаліў каналы дзяржаўнага інфармагенцтва БелТА, а таксама тэлеканалаў АНТ і СТБ, некалькімі днямі пазней быў выдалены канал “CTVPLUS”. МЗС назваў гэта “найгрубейшым парушэннем” Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах ААН і базавых прынцыпаў АБСЕ ў галіне свабоды СМІ”.
Пасля падзей 2020 года ў Беларусі практычна не засталося незалежных грамадска-палітычных СМІ.
Многія рэдакцыі пасля разгрому (вобшукі, канфіскацыя тэхнікі, арышты, блакаванне) альбо закрыліся, альбо былі вымушаныя працягнуць працу за мяжой. Некаторыя незалежныя сеткавыя СМІ, што засталіся ў краіне, у інтарэсах бяспекі пераключыліся на бытавыя тэмы. Непадкантрольная ўладам журналісцкая дзейнасць дэ-факта крыміналізаваная.
Паводле даных Беларускай асацыяцыі журналістаў, на сёння ў няволі знаходзіцца 20 прадстаўнікоў медыя.
На 2025 год у Беларусі “экстрэмісцкімі” было прызнана амаль 7 тыс. інфармацыйных рэсурсаў, заяўляў Марат Маркаў, які займаў тады пасаду кіраўніка Мінінфарма. Агулам ведамства, паводле яго слоў, абмежавала дзейнасць 18 тыс. рэсурсаў.
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка, ЭканомікаДзяржслужба занятасці перастала публікаваць звесткі аб колькасці вакансій для замежнікаў (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, ПалітыкаАктыўнасць мігрантаў на мяжы Беларусі і ЕС на пачатку кастрычніка крыху вышэйшая, чым на пачатку верасня — аналізМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Палітыка
- Грамадства
- Эканоміка



