Мінск 08:39

ЕС зацвердзіў павышэнне тарыфаў на імпарт сельгаспрадукцыі з Беларусі і РФ

Фота: baj.by

30 траўня, Позірк. Савет Еўрапейскага саюза падтрымаў прапанову Еўракамісіі (ЕК) ад 22 сакавіка і прыняў рашэнне аб павышэнні тарыфаў на імпарт некаторых відаў сельскагаспадарчай прадукцыі з Расіі і Беларусі.

Як адзначаецца на сайце ЕК, “меры накіраваныя на падаўленне імпарту ў ЕС збожжавых, алейных культур і прадуктаў іх перапрацоўкі, а таксама гранул бураковага жому і сушанага гароху, не закранаючы пры гэтым экспарт у трэція краіны і захоўваючы глабальную харчовую бяспеку”.

“Павышаныя тарыфы распаўсюджваюцца на Беларусь, улічваючы цесныя палітычныя і эканамічныя сувязі гэтай краіны з Расіяй”, — гаворыцца ў паведамленні.

Падкрэсліваецца, што “тарыфы закліканыя прадухіліць дэстабілізацыю рынку ЕС і абараніць фермерскую супольнасць, змагацца з незаконным экспартам ўкраінскага збожжа, няправільна маркіраванага як расійскае, і перакрыць патокі даходаў, якія маглі б фінансаваць агрэсіўную вайну Расіі супраць Украіны”.

Пастанова, як заяўляецца, стала “адказам на ролю Расіі як глабальнага экспарцёра збожжа і выкарыстанне ёю экспарту прадуктаў харчавання ў якасці геапалітычнага інструмента”. “ЕС цвёрда стаіць на баку Украіны і яе народа і будзе працягваць рашуча падтрымліваць эканоміку Украіны, а таксама яе грамадства, узброеныя сілы і будучыню аднаўленне”, — адзначылі ў Еўракамісіі.

Пастанова ўступіць у сілу 1 ліпеня.

18 красавіка згаданыя пошліны на ўвоз у Еўрасаюз збожжавых, алейных культур і прадуктаў іх перапрацоўкі з Расіі і Беларусі, уключаючы пшаніцу, кукурузу і сланечнікавы шрот, былі ўхваленыя Еўрапейскім саветам на саміце ў Бруселі.

Абмежаванні на імпарт сельскагаспадарчай прадукцыі з Беларусі і Расіі будуць уключаныя ў 14-ы пакет санкцый Еўрасаюза, напісала 18 красавіка ў сацсетцы Х карэспандэнт Радыё RMF FM у Брусэлі Катажына Шыманска-Баргінон.

Паводле яе інфармацыі, палажэнне [аб увядзенні санкцый] ужо ёсць у праекце высноў саміту ЕС. “Створаная кааліцыя з 12 краін (уключаючы Польшчу, краіны Балтыі, Францыю, Германію), якая патрабуе гэтага”, аднак “паўднёвыя краіны неахвотна ставяцца да прапановы з пункту гледжання харчовай бяспекі”, адзначыла журналістка.

Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа 17 красавіка перад самітам ЕС у Брусэлі заявіў, што закліча Еўрасаюз увесці дадатковыя тарыфы на прадукты, імпартаваныя з Беларусі і РФ. Паведамлялася, што палітык “выказаў занепакоенасць тым, што на агульны рынак паступае ўсё больш расійскага газу і харчавання” з гэтых краін, а таксама раскрытыкаваў марудлівасць ЕС “у наданні дапамогі Украіне”.

“Дадатковыя тарыфы проста зробяць імпарт з Расіі і Беларусі нявыгадным, — сказаў Наўседа. — ЕС таксама павінен працягваць палітыку санкцый супраць Расіі”.

Падзяліцца: