Мінск 06:41

Лукашэнка ўгаворвае Пашыняна на “збліжэнне і супрацу”

Ерэван
Фота: unsplash.com / Лявон Варданян

1 чэрвеня, Позірк. Аляксандр Лукашэнка разлічвае на “працяг канструктыўнага дыялогу” з Арменіяй па “шырокім спектры пытанняў як у двухбаковым фармаце, так і на міжнародных і інтэграцыйных пляцоўках”. Свае чаканні ён абазначыў 1 чэрвеня, віншуючы армянскага прэм’ер-міністра Нікола Пашыняна з 49-годдзем.

“Вы дасведчаны палітык і не раз у шматгадовай кар’еры пераконваліся, што самы дакладны компас у міжнародных стасунках — народная дыпламатыя, — прыводзіць тэкст паслання прэс-служба віншавальніка. — А яна заўсёды беспамылкова паказвала нам курс на збліжэнне і супрацу. Калі пойдзем гэтым шляхам, калі будзем прытрымлівацца шматвяковых традыцый слаўных продкаў, то разам зможам дасягнуць значна большага. Значны зачын ужо створаны”.

На думку Лукашэнкі, “напрацоўкі ў гандлі, прамысловасці і гуманітарнай сферы пры садзейнічанні на вышэйшым узроўні адкрыюць для Мінска і Ерэвана дадатковыя гарызонты магчымасцей”.

Варта адзначыць, што заклік Лукашэнкі ісці курсам на “збліжэнне і супрацу” з’явіўся на фоне таго, як Арменія прыпыніла свой удзел у дзейнасці Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ). Акрамя таго, у Ерэване сталі казаць пра перспектывы еўраінтэграцыі.

22 траўня Пашынян заявіў у парламенце: ““У падрыхтоўцы 44-дзённай вайны 2020 года ўдзельнічалі не з нашага боку нашы саюзнікі. Я ведаю як мінімум дзве краіны — члена АДКБ, якія ўдзельнічалі ў падрыхтоўцы вайны супраць нас. Гэтыя краіны, магчыма, стваралі імітацыю дапамогі нам”. Паводле яго слоў, вайна з Азербайджанам была “не праз Нагорны Карабах”, а “пра тое, каб Арменія нічога з сябе не ўяўляла”, яе мэтай было “спыненне існавання Арменіі”.

Кіраўнік армянскага ўрада не ўдакладніў, якія краіны мае на ўвазе, але мімаходзь згадаў у сваёй прамове Аляксандра Лукашэнку.

Пасля заявы Пашыняна Расія адклікала свайго амбасадара з Арменіі, афіцыйны прадстаўнік МЗС РФ Марыя Захарава заявіла, што Маскве цікава даведацца, пра якія краіны казаў Пашынян.

44-дзённай вайной Ерэван называе ваенныя дзеянні Азербайджана супраць Арменіі і самаабвешчанай Нагорна-Карабахскай Рэспублікі (НКР) увосень 2020 года. Тады канфлікт быў спынены пры пасярэдніцтве Расіі. Праз тры гады Баку правёў у Нагорным Карабаху “антытэрарыстычныя мерапрыемствы лакальнага характару”, у выніку якіх рэгіён цалкам перайшоў пад яго кантроль, а НКР спыніла існаванне.

Арменія раскрытыкавала АДКБ за адсутнасць падтрымкі і замарозіла членства ў арганізацыі.

Тым часам рэжым у Мінску актыўна развівае стасункі з Азербайджанам.

Лукашэнка заявіў пра "значны патэнцыя шматграннага ўзаемадзеяння" Беларусі і Азербайджана

28 траўня, Позірк. Стасункі Беларусі з Азербайджанам маюць "высокі ўзровень стратэгічнага партнёрства", адзначыў Аляксандр Лукашэнка, віншуючы 28 траўня прэзідэнта гэтай дзяржавы Ільхама Аліева з Днём незалежнасці. "З цеплынёй успамінаю нядаўні візіт у дружалюбны Азербайджан, падчас якога ў даверным і канструктыўным ключы …
Падзяліцца: