Мінск 20:52

Праект “пашпарта новай Беларусі” “пакуль падвісае” — Латушка

Архіўная выява: Акаўнт АПК у "Інстаграме"

7 чэрвеня, Позірк. Узоры “пашпарта новай Беларусі” пакуль не гатовыя, паведаміў кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета Павел Латушка 6 чэрвеня на сустрэчы з беларускай дыяспарай у Любліне.

“Займаецца гэтым [прадстаўнік па міжнародных справах] Валерый Георгіевіч Кавалеўскі ў [Аб’яднаным пераходным] кабінеце, — сказаў ён. — Аўтаномна даволі, так, імкнецца нас не дапускаць да гэтай тэмы”.

Праект прайшоў “усе з пункту гледжання ўзгаднення працэдуры” ў Еўракамісіі, ён па бяспецы адпавядае стандартам замежных пашпартоў, дадаў Латушка.

“Я прысутнічаў на гэтым пасяджэнні кантактнай групы “Беларусь — ЕС” у Брусэлі, дзе намеснік дырэктара дэпартамента па пытаннях міграцыі пацвердзіў гэта. І пры гэтым сказаў, што Еўрапейская камісія не можа прыняць рашэнне аб прызнанні гэтага дакумента, бо гэта не з’яўляецца кампетэнцыяй ЕС. Гэта з’яўляецца выключнай кампетэнцыяй нацыянальных урадаў”, — дадаў палітык.

Папярэднюю згоду на прызнанне дакументаў выказалі дзве краіны “і нават былі гатовыя прадаставіць краінавы код”, сцвярджае ён.

“Пакуль гэта, шчыра, падвісае. Падвісае з пункту гледжання [таго, што] няма ўзору – раз, падвісае з пункту гледжання прызнання”, — падкрэсліў экс-дыпламат.

Паводле Латушкі, ён абмяркоўваў пытанне прызнання дакумента з адным з намеснікаў міністра ўнутраных спраў Польшчы: “Ён сказаў мне: “Маё прыватнае меркаванне — я не лічу гэта рэальным”. 

Змяніць такое стаўленне могуць факты прызнання яго іншымі краінамі, лічыць Латушка.

Аб праекце “пашпарта Новай Беларусі” стала вядома ў лютым 2023 года.

4 верасня Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ № 278 “Аб парадку выдачы дакументаў і здзяйснення дзеянняў”, які пазбавіў замежныя ўстановы Беларусі магчымасці падаўжаць тэрмін дзеяння пашпарта беларускага грамадзяніна і выдаваць новыя дакументы.

У сакавіку 2024 года АПК паведаміў аб завяршэнні стварэння “пашпартнага цэнтра” і фарміравання “каманды прафесіяналаў”, якая будзе займацца праектам.

Тады ж было заяўлена аб затрымцы прыбыцця “спецыяльных матэрыялаў” для вырабу першых 500 узораў гэтага дакумента.

Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі (ДДБ) Літвы ацэньвае інфармацыю, якая з’явілася ў СМІ, аб сувязях з Мінскам літоўскай фірмы па вырабе пашпартоў “Гарсу Пасаўліс”, паведаміў 3 чэрвеня сайт Verslo žinios (“Дзелавыя навіны”) са спасылкай на інфармацыю ДДБ.

28 траўня Беларускі расследацыйны цэнтр апублікаваў даследаванне “Пашпарт новай Беларусі” і стары “кашалёк” Лукашэнкі. Як кампанія-распрацоўшчык дакумента звязана з Віктарам Шаўцовым”. Журналісты БРЦ сцвярджаюць, што літоўскае прадпрыемства звязанае з блізкім да Лукашэнкі бізнэсменам, а геральдычную раду Аб’яднанага пераходнага кабінета ўзначальвае былы супрацоўнік беларускага МУС.

29 траўня Кавалеўскі заявіў, што “кожны падрадчык і партнёр праекта “пашпарта новай Беларусі” пройдзе праверку”.

Падзяліцца: