Мінск 14:09

Пераслед цяперашніх і былых студэнтаў ЕГУ ёсць актам транснацыянальных рэпрэсій — Ціханоўская

Архіўнае фота: сайт ЕГУ

13 чэрвеня, Позірк. Рэпрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі “не маюць ні межаў, ані абмежаванняў”, заявіла беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская.

“Напад беларускага рэжыму на цяперашніх і былых студэнтаў Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта ў Вільнюсе ёсць актам транснацыянальных рэпрэсій супраць адукацыйнай установы, якая знаходзіцца на тэрыторыі Еўрапейскага саюза”, — канстатавала палітык на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х.

11 чэрвеня праваабарончы цэнтр “Вясна” паведаміў, што яму вядома пра больш як 60 вобшукаў у рамках “справы ЕГУ”. Адзначалася, што яны праходзяць у выпускнікоў, студэнтаў ды іншых асоб, звязаных з універсітэтам, а таксама іх сваякоў. Сілавікі, паводле інфармацыі праваабаронцаў, таксама прыходзяць да людзей на працу, некаторым тэлефануюць і просяць “прыйсці на размову”.

Раней “Вясна” паведамляла, што КДБ, каб прымусіць студэнтаў вярнуцца з Літвы, пагражае крымінальным пераследам іх бацькам. Пры гэтым “некаторыя сваякі <…> ужо затрыманыя”.

Заяўлялася таксама, што супрацоўнікі спецслужбы “прыходзяць да выпускнікоў універсітэта”, якія “выпусціліся з ВНУ ад 2019 да 2025 года”, патрабуюць “даць дыпломы аб заканчэнні” ВНУ.

Крымінальная справа тычыцца “аплаты навучання ў ЕГУ, пачынаючы з 2016 года”.

14 красавіка Вярхоўны суд Беларусі прызнаў ЕГУ і структурныя падраздзяленні, якія ўваходзяць у яго склад, “экстрэмісцкай арганізацыяй”, чыя дзейнасць на тэрыторыі краіны забароненая.

На наступны дзень міністр замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс назваў гэтае рашэнне абуральным, ахарактарызаваў яго як “чарговы варожы акт рэжыму Лукашэнкі супраць Літвы і ЕС” і выказаў гатоўнасць “падтрымаць супольнасць ЕГУ”.

16 красавіка МЗС Літвы выказала Беларусі “рашучы пратэст” у сувязі з прызнаннем ЕГУ “экстрэмісцкай арганізацыяй”. Знешнепалітычнае ведамства расцаніла гэтае рашэнне як “палітычна матываванае, неабгрунтаванае”, яно “парушае прынцыпы міжнароднага права, а таксама суверэнітэт Літоўскай Рэспублікі”. Выпадак, калі вышэйшая навучальная ўстанова, што законна працуе ў іншай дзяржаве, абвяшчаецца “экстрэмісцкай арганізацыяй”, МЗС назваў беспрэцэдэнтным.

Студэнты з Беларусі складаюць большасць у ЕГУ — каля 74%.

На канец траўня каля 100 студэнтаў пакінула ВНУ пасля прызнання яго ў Беларусі “экстрэмісцкай арганізацыяй”.

Універсітэт быў заснаваны ў Мінску ў 1992 годзе групай беларускіх інтэлектуалаў як прыватная навучальная ўстанова. У 2004-м закрыты ўладамі з палітычных матываў. Годам пазней аднавіў працу ў Вільнюсе.

Падзяліцца: