Мінск 18:26

“Гарызонт” плануе ў 2027 годзе наладзіць серыйную вытворчасць электронікі для аўтазавода “БелДжы”

Ілюстрацыйныя фота на сайтах "Гарызонта" і "БелДжы" / калаж: "Позірк"

13 чэрвеня, Позірк. Холдынг “Гарызонт” — мінскі вытворца бытавой тэхнікі і электронных прыладаў — плануе ў 2027 годзе наладзіць серыйны выпуск электронікі для аўтазавода “БелДжы”, вынікае з паведамлення Міністэрства прамысловасці.

Паводле інфармацыі ведамства, 12 чэрвеня гэтыя арганізацыі заключылі пагадненне аб супрацы.

“Дакумент прадугледжвае пашырэнне ўзаемадзеяння ў сферы вытворчасці мультымедыйных сістэм для аўтамабіляў, — гаворыцца ў паведамленні. — Гаворка ідзе пра ключавыя элементы лічбавай архітэктуры — панэлі прыбораў, мультымедыйным дысплеі і блок кіравання”.

Кіраўнік Мінпрама Андрэй Кузняцоў назваў гэты крок “важным этапам развіцця прамысловай кааперацыі, скіраваны на паэтапнае павелічэнне ўзроўню лакалізацыі аўтамабільных кампанентаў”.

Варта адзначыць, што холдынг “Гарызонт” фігуруе ў прынятым у кастрычніку 2025 года 19-м пакеце санкцый Еўрасаюза супраць Расіі як арганізацыя, якая “падтрымлівае рэжым Лукашэнкі”. Прадпрыемства, як было адзначана, звязанае з Інстытутам лічбавага тэлебачання (ІЦТ) “Гарызонт”, які ўваходзіць у беларускі абаронна-прамысловы комплекс і ўдзельнічае ў распрацоўцы вайсковай тэхнікі і ўзбраення. Пад абмежавальныя меры трапіў таксама генеральны дырэктар холдынгу Юрый Прадко.

Завод “БелДжы” быў адкрыты 17 лістапада 2017 года ў Барысаўскім раёне (Мінская вобласць). Займаецца выпускам аўтамабіляў брэндаў Geely і Belgee. Акцыянерамі прадпрыемства з’яўляюцца Рэспубліка Беларусь і кітайскія кампаніі Zhejiang Jirun Automobile, CITIC International Investment Limited, Shenzhen Shentou Investment.

Падзяліцца: