Офіс Ціханоўскай прыпыніў супрацу з Харысавай, уцечкі важнай інфармацыі пакуль не выяўлена
13 чэрвеня, Позірк. Па выніках першаснага этапу ўнутранай праверкі, звязанай з пазаштатным аналітыкам Офіса Святланы Ціханоўскай (ОСЦ), дэлегатам Каардынацыйнай рады Алінай Харысавай, не выяўлена ўцечкі адчувальнай інфармацыі, вынікае з заявы ОСЦ, распаўсюджанай 13 чэрвеня.
Паводле інфармацыі палітычнай структуры, увосені 2025 года Харысава, “якая мае валанцёрскую дамову” з ОСЦ, “насуперак інструкцыям і правілам бяспекі” ўступіла ў камунікацыю з “невядомымі асобамі, якія прадстаўляліся супрацоўнікамі ўкраінскіх спецыяльных службаў і заяўлялі пра магчымасць аказання дапамогі ў сувязі з ціскам на яе і яе сям’ю з боку структур рэжыму [Аляксандра] Лукашэнкі”.
“Гэтая камунікацыя груба парушае ўнутраныя пратаколы бяспекі, якія дзейнічаюць у офісе, — гаворыцца ў заяве. — У сувязі з гэтым была прызначаная і праведзеная праверка, падчас якой спецыялістам па бяспецы не было выяўлена пацверджанняў перадачы якой-небудзь адчувальнай, службовай або непублічнай інфармацыі, здольнай нанесці шкоду дзейнасці Офіса, бяспецы яго супрацоўнікаў і супрацоўніц, партнёраў альбо беларусаў і беларусак, якія звярталіся па дапамогу”.
Адзначаецца, што ў рамках праверкі “былі вывучаныя апублікаваныя аўдыёзапісы, наяўныя матэрыялы перапіскі, гісторыя браўзэраў, дадаткі і файлы, а таксама праведзены аналіз працоўных прыладаў і акаўнтаў”, якімі карысталася Харысава. Аналіз наяўных матэрыялаў, як заяўлена, “не пацвердзіў фактаў перадачы ўнутраных дакументаў або іншых закрытых даных”.
“Праверка працоўных і асабістых прыладаў, акаўнтаў і даступных матэрыялаў не выявіла прыкмет атрымання ўзнагароды за меркаваную супрацу з трэцімі асобамі, уключаючы выкарыстанне крыптавалютных гаманцоў або атрыманне іншых плацяжоў, а таксама пошукавыя запыты звязаныя з атрыманнем грашовых сродкаў якім-небудзь чынам або сляды праграм для пераводу грошай з дапамогай крыптавалюты”, — падкрэсліў ОСЦ.
Паведамляецца, што асобна былі вывучаныя “аўдыёзапісы і скрыншоты, распаўсюджаныя ў рамках прапагандысцкай кампаніі”: “Згодна з праведзеным тэхнічным аналізам, істотная частка апублікаваных аўдыёматэрыялаў утрымлівае прыкметы генерацыі з выкарыстаннем тэхналогій штучнага інтэлекту, што ставіць пад сумнеў іх сапраўднасць”.
Заяўлена таксама, што супрацоўнікі тэхнічнай службы прааналізавалі “працоўны акаўнт Аліны Харысавай, і не было выяўлена якой-небудзь падазронай актыўнасці”.
Харысава, паводле інфармацыі ОСЦ, “пацвярджае, што на працягу працяглага часу з’яўлялася аб’ектам пераследу і спробаў уздзеяння, што адпавядае вядомай практыцы беларускіх спецслужбаў у дачыненні да прадстаўнікоў дэмакратычных сіл”. Разам з тым, падкрэсліла палітычная структура, гэтыя абставіны “не могуць разглядацца як падстава для адступлення ад вызначаных правілаў бяспекі”.
“На гэты момант удзел Аліны Харысавай у любой дзейнасці Офіса прыпынены, — гаворыцца ў заяве. — Праверка ў дачыненні да гэтага інцыдэнту працягваецца. У Офісе будуць перагледжаныя дзейныя пратаколы бяспекі і праведзеныя дадатковыя трэнінгі для супрацоўнікаў і супрацоўніц, а таксама валанцёраў і асоб, якія ўзаемадзейнічаюць з Офісам у рамках экспертнай і кансультатыўнай дзейнасці”.
“Гэты выпадак пацвярджае неабходнасць сталага ўдасканалення захадаў бяспекі і дэманструе спробы беларускіх спецслужбаў выкарыстаць ціск, правакацыі, лічбавыя маніпуляцыі і сучасныя тэхналогіі для нападаў на прадстаўнікоў дэмакратычных сіл”, — канстатаваў ОСЦ.
4 чэрвеня ў эфіры дзяржаўнага тэлеканала СТБ некалі апазіцыйны дзеяч і палітвязень, а цяпер прапагандыст Раман Пратасевіч заявіў, што Харысава “злівала інфармацыю” пра некаторых прадстаўнікоў дэмсіл Камітэту дзяржбяспекі, думаючы, што мае зносіны са Службай бяспекі Украіны.
Харысава аператыўна адрэагавала на гэта на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку”, патлумачыўшы, што нехта, хто назваўся прадстаўніком СБУ, настойліва спрабаваў кантактаваць з ёй, калі яна “была ва ўразлівым становішчы”. Яна не стала адмаўляць, што запісала кароткае відэа з пацвярджэннем гатоўнасці супрацоўнічаць “з СБУ”; заявіла, што размаўляла з яе “прадстаўніком” толькі пра Украіну, спрабавала спыніць камунікацыю і змагла гэта зрабіць пасля паступлення пагроз і канчатковага ўсведамлення таго, з кім мае справу.
Харысава абвясціла, што прыпыняе супрацу з усімі арганізацыямі і ініцыюе ў дачыненні да сябе праверку.
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Эканоміка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Бяспека, Грамадства
- Бяспека, Грамадства
- Грамадства, ПалітыкаМігранты 80 дзён запар атакуюць беларуска-латвійскую мяжу, колькасць спробаў перавысіла 5 тыс.Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства
- Эканоміка
- ЭканомікаУ траўні і з пачатку 2026 года найбольш падаражэў праезд у электрычках (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 12 чэрвеня 2026 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка



