Мінск 09:00

У Мінску выступіў дзіцячы ансамбль з “лнр”

Кубанскі казачы хор на сцэне Палаца рэспублікі (Мінск, 9 чэрвеня).
Фота: амбасада РФ

9 чэрвеня, Позірк. У Мінску 9 чэрвеня выступіў “дзіцячы ансамбль “Алегра” з так званай “луганскай народнай рэспублікі”, вынікае з паведамлення амбасады Расіі ў Беларусі.

Калектыў прыняў удзел у канцэрце, прысвечаным Дню Расіі (нацыянальнае свята, адзначаецца 12 чэрвеня — у дзень прыняцця Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце РСФСР у 1990 годзе) у Палацы рэспублікі.

Удакладняецца, што паездка дзяцей арганізавана амбасадай пры падтрымцы “міністэрства адукацыі і культуры “лнр”. “Знаходжанне і культурную праграму ў Мінску забяспечваюць Свята-Елісавецінскі манастыр і Фонд Аляксея Талая”, — гаворыцца ў рэлізе.

Акрамя гэтага музычнага калектыву ў праграме заяўленыя расіяне: Кубанскі казачы хор, поп-гурт “Дыскамафія”, оперны спявак Васіль Гярэла, поп-спевакі Сяргей Рагожын, Аляксандр Буйноў і Аляксандр Маршал — усе чацвёра актыўна падтрымліваюць вайну супраць Украіны.

Таксама ў мерапрыемстве ўдзельнічаюць беларускія поп-выканаўцы Ірына Відава-Молчан (удава памерлага ў 2019 годзе кампазітара Алега Молчана. — “Позірк”.) і Цімур Прахін.

Афіцыйны Мінск і праўладныя грамадскія арганізацыі падтрымліваюць кантакты з тэрыторыямі Украіны, акупаванымі РФ.

У Растове-на-Доне не пазней за ліпень плануецца адкрыццё генеральнага консульства Беларусі. У яго акругу ўвойдуць Растоўская і Валгаградская вобласці РФ, а таксама акупаваныя расійскай арміяй тэрыторыі Украіны — так званыя “данецкая народная рэспубліка”, “луганская народная рэспубліка”, часткі Запарожскай і Херсонскай абласцей і анэксаваны раней Крым.

Кіраўнік т. зв. “днр” Дзяніс Пушылін наведваў Беларусь 27 ліпеня 2022 года.

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з ім 18 красавіка 2023 года ў Мінску. Летась 15 чэрвеня амбасадар Беларусі ў РФ Дзмітрый Круты падпісаў з Пушыліным “пагадненне аб пашырэнні партнёрства”.

7 чэрвеня на палях Пецярбургскага міжнароднага эканамічнага форуму дыпламат сустрэўся з кіраўніком акупацыйнай адміністрацыі падкантрольнай РФ часткі Запарожскай вобласці Запарожскай вобласці Яўгенам Баліцкім, пра што той заявіў у сацсетках. Афіцыйны беларускі бок аб сустрэчы не паведамляў.

У траўні ў Беларусі пабывала дэлегацыя на чале з “начальнікам аддзела па працы з палітычнымі партыямі і грамадскімі арганізацыямі Дэпартамента ўнутранай палітыкі адміністрацыі губернатара і ўрада Запарожскай вобласці” Дзянісам Леўчанкам.

У жніўні 2023 года Беларусь наведвала дэлегацыя “днр”.

30 верасня 2022 года Уладзімір Пуцін падпісаў “дакументы” аб уваходжанні ў склад РФ так званых “данецкай і луганскай народных рэспублік”, а таксама “Запарожскай і Херсонскай абласцей”. За некалькі дзён да гэтага на часова акупаваных украінскіх тэрыторыях пад кантролем расійскіх вайскоўцаў прайшлі адпаведныя “рэферэндумы”.

У пачатку гэтага года Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі дэ-факта прызнаў сепаратысцкія ўтварэнні “днр” і “лнр”. 6 студзеня на сайце верхняй палаты беларускага парламента з’явіўся прэс-рэліз, з якога вынікала, што сябар СР НС Дзмітрый Баскаў “узяў удзел у акцыі фонду [паралімпійца] Аляксея Талая ў арганізацыі знаходжання школьнікаў з Данецкай і Луганскай рэспублік у Мінску ў перыяд зімовых школьных канікул”.

Разам з тым дэ-юрэ беларускія ўлады не прызналі незалежнасць “днр” і “лнр”, роўна як іх “далучэнне” да Расіі пасля “рэферэндумаў”, пры гэтым афіцыйны Мінск ухваляе агрэсію РФ супраць Украіны.

Прадстаўнікі афіцыйнага Мінска, а таксама Беларускага Чырвонага Крыжа і Фонду паралімпійца Аляксея Талая займаюцца вывазам дзяцей з акупаваных Расіяй тэрыторый Украіны — “на аздараўленне”. У сувязі з гэтым дэмакратычныя сілы дамагаюцца выдачы Міжнародным крымінальным судом у Гаазе ордэра на арышт Лукашэнкі, як гэта было зроблена ў дачыненні да Уладзіміра Пуціна і дзіцячага амбудсмена РФ Марыі Львовай-Бяловай.

Падзяліцца: