Мінск 13:26

За пяць гадоў у беларускіх вадаёмах патанула 1984 чалавекі, у тым ліку 132 дзіцяці — МНС

Ілюстрацыя: "Позірк"

16 ліпеня, Позірк. За пяць гадоў (2021-25) у беларускіх вадаёмах патанула 1.984 чалавекі, у тым ліку 132 дзіцяці, вынікае са звестак МНС, якія ўключаныя ў матэрыялы для выкарыстання прапагандыстамі і чыноўнікамі ў рамках ліпеньскага “адзінага дня інфармавання насельніцтва“ (звычайна праходзіць у трэці чацвер месяца, у ліпені гэта 16-е чысло).

Тэма дня, у адрозненне ад пераважнай большасці папярэдніх, мала звязаная з ідэалогіяй і насаджэннем лаяльнасці рэжыму: “Забеспячэнне бяспекі жыццядзейнасці: ад кібератак да правілаў на дарогах“.

МНС асобна адзначае, што ў 2025 годзе патанула 282 чалавекі (з іх 12 дзяцей).

Летась доля патанулых у афіцыйны купальны сезон (з 1 мая па 30 верасня) склала 56% (дзяцей — 58%). 59% патанулых у мінулым годзе былі п’яныя.

“Чалавек у алкагольным ап’яненні не ў стане адэкватна ацэньваць сітуацыю і можа здзяйсняць учынкі, якія ніколі б не здзейсніў у цвярозым стане. Праблема ў тым, што і цвярозы чалавек дрэнна ведае стыхію вады і часта падманваецца ў сваіх чаканнях і ацэнках з самымі трагічнымі наступствамі“, — гаворыцца ў матэрыялах да дня інфармавання, якія традыцыйна рыхтуе НДІ тэорыі і практыкі дзяржаўнага кіравання Акадэміі кіравання.

Ідэолагі пералічваюць правілы паводзін на вадзе ў метадычках для ўсіх трох катэгорый грамадзян, да якіх выязджаюць прапагандысты і чыноўнікі — моладзі, інтэлігенцыі і “работнікаў рэальнага сектара эканомікі“. Асобна да працоўных звернуты заклік: “Не пераканаўча? Тады купі рэвальвер і гуляй у “рускую рулетку” на публіцы — не больш небяспечна і больш увагі да сябе прыцягнеш — ты ж для гэтага паплыў за буйкі або на той бок возера?“

Адзначаецца таксама, што 27% усіх няшчасных выпадкаў на вадзе ў 2025 годзе было звязана з падзеннем у ваду на рыбалцы, падводным паляваннем і інш.

Падзяліцца: