Мінск 21:23

За мінулы тыдзень у Беларусь уехала 3.452 грамадзяніны Украіны — Дзяржпагранкамітэт

Ілюстрацыйнае фота: прэс-служба Дзяржпагранкамітэта

21 чэрвеня, Позірк. За мінулы тыдзень (з 6:00 14 чэрвеня па 6:00 21 чэрвеня) у Беларусь уехала 3.452 грамадзяніны Украіны (тыднем раней — 3.480), вынікае з паведамлення Дзяржаўнага пагранічнага камітэта.

Непасрэдна з Украіны (афіцыйна мяжа закрытая) прыбыў 1 чалавек (3), транзітам праз Польшчу — 2.844 (2.894), Літву — 561 (526), Латвію — 46 (57).

Ад пачатку года ў Беларусь накіравалася 60.573 грамадзяніны Украіны: транзітам праз Польшчу — 47.767, Літву — 12.008, Латвію — 769, з украінскай тэрыторыі — 29.

Усяго з 24 лютага 2022 года ў Беларусь прыбыла 207.065 грамадзян Украіны: праз украінска-беларускую мяжу — 15.947, транзітам праз Польшчу — 145.555, праз Літву — 40.258, праз Латвію — 5.305.

“Дзяржпагранкамітэт Беларусі займаецца несумленнай падачай лічбаў і чыстай вады маніпуляцыяй”, — заявіў у інтэрв’ю “Позірку” сёлета ў лютым амбасадар па асаблівых даручэннях МЗС Украіны па Беларусі Ігар Кізім. Паводле яго слоў, гаворку трэба весці пра звычайныя паездкі грамадзян Украіны ў Беларусь.

Дыпламат адзначыў, што ў адкрытых крыніцах звестак пра колькасць украінцаў, якія выехалі з Беларусі, не знайсці. “Сумленным і прыстойным з боку ДПК было б даваць гэтую статыстыку”, — лічыць ён.

“Насамрэч гаворка ідзе не пра транзітных уцекачоў ці людзей, якія ўехалі ў Беларусь, каб папрасіць прытулак. Гэта, як і раней, простыя паездкі ўкраінскіх грамадзян”, — адзначыў Кізім.

Падзяліцца:
be