Мінск 19:04

У парадзе 3 ліпеня возьмуць удзел пілатажныя групы ВКС РФ

Архіўнае фота: "Позірк"

24 чэрвеня, Позірк. У паветранай частцы парада, які пройдзе ў Мінску 3 ліпеня з нагоды Дня незалежнасці, возьмуць удзел пілатажныя групы Паветрана-касмічных сіл Расіі — “Рускія Віцязі” і “Стрыжы”, заявіў 24 чэрвеня камандуючы Ваенна-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны Андрэй Лук’яновіч.

Паводле яго слоў, якія прыводзіць прэс-служба Міністэрства абароны, калі раней падрыхтоўка да мерапрыемства ішла на аэрадромах авіябаз Беларусі і ВКС РФ, то “сёння ўпершыню паветраны парад пройдзе па паралельным маршруце практычна ў поўным складзе”.

Адкрыюць парад тры верталёты Мі-8МТВ-5 са сцягамі, за імі “будуць рухацца дзве групы ў баявым парадку “Пеленг”, — верталёты Мі-8МТВ-5 і Мі-35, (дзве партыі Мі-35 былі пастаўлены ВПС Беларусі з РФ у жніўні 2023 і красавіку 2024 года, — “Позірк”.), паведаміў Лук’яновіч.

“Далей пойдзе расійскі складнік — верталёты Мі-28 і Ка-52 ВКС РФ. За імі — самалёт Ан-26. Пасля гэтага гледачы змогуць назіраць праходжанне баявога парадку самалётаў Як-130, <…> на якім ажыццяўляецца падрыхтоўка нашых спецыялістаў”, — удакладніў кіраўнік ВПС.

За імі паляцяць самалёты Су-25 у баявым парадку “Ромб”, самалёты Су-30СМ ВПС Беларусі, дадаў прадстаўнік ведамства.

Далей паляцяць пілатажныя групы РФ, завершыць парад самалёт Іл-76 у суправаджэнні самалётаў Л-39, якія пакінуць у небе над Мінскам чырвона-зялёныя палосы дыму ў колерах дзяржаўнага сцяга.

Паветраны эшалон з вайсковай авіяцыяй ВКС РФ у складзе дзвюх верталётных груп прыбыў у Беларусь для ўдзелу ў парадзе 21 чэрвеня, паведаміў на сваёй старонцы ў сацсетцы Х памочнік міністр абароны Беларусі па міжнародным ваенным супрацоўніцтве Валерый Равенка.

22 чэрвеня прэс-служба Мінабароны, цытуючы начальніка Цэнтра падрыхтоўкі і перавучвання лётчыкаў вайсковай авіяцыі (РФ) Андрэй Папоў паведаміла, што ў паветранай частцы парада прымуць удзел верталёты Ка-52 і Мі-28 усіх мадыфікацый. Гэта верталёты разведвальна-ўдарнага і ўдарнага тыпаў, якія РФ выкарыстоўвае ў развязанай ёю вайне супраць Украіны.

Раней у Беларусь з Расіі для ўдзелу ў парадзе даставілі гаўбіцы “Мста-Б” і мінамётныя комплексы 2С12 “Сані”, а таксама танкі Т-34 (ужываліся ў 1940-х гадах).

У агульнай складанасці чакаецца больш за 250 адзінак колавай і гусенічнай тэхнікі. Упершыню, паводле інфармацыі Мінабароны, у парадзе задзейнічаюць аператыўна-тактычныя комплексы “Іскандэр-М”.

15 траўня намеснік міністра абароны Андрэй Жук паведаміў, што ў парадзе 3 ліпеня возьме ўдзел больш за 6 тыс. вайскоўцаў. Запланаваны таксама ўдзел ваенных з Азербайджана, Казахстана, Кітая, Кыргызстана, Расіі, Узбекістана, Таджыкістана.

Прадстаўнікі 21 дзяржавы пацвердзілі ўдзел у святкаванні афіцыйнага Дня незалежнасці Беларусі.

У 1991–1996 гадах гэтае свята было прымеркаванае да даты прыняцця Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце — 27 ліпеня. У выніку ініцыяванага Аляксандрам Лукашэнкам рэферэндуму галоўнае дзяржаўнае свята было перанесенае на 3 ліпеня — дзень вызвалення Мінска ад гітлераўскай акупацыі ў 1944 годзе. У гэтым годзе 80-я гадавіна вызвалення.

Падзяліцца:
be