Мінск 08:51

Ціханоўская: Міжнародны дзень супраць катаванняў — напамін пра нашу адказнасць за вызваленне палітвязняў

Крыніца: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

26 чэрвеня, Позірк. Міжнародны дзень у падтрымку ахвяр катаванняў, які адзначаецца 26 чэрвеня, з’яўляецца “напамінам пра важнасць абароны правоў чалавека, барацьбы супраць дыктатуры” і “агульнай адказнасці” беларусаў за вызваленне палітвязняў, заявіла ў сваім тэлеграм-канале дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская.

Паводле яе слоў, рэжым Аляксандра Лукашэнкі “цяпер больш за ўсё катуе палітычных зняволеных”. “Кожны дзень яны сутыкаюцца ў турмах з гвалтам: велізарныя тэрміны па надуманых абвінавачваннях, жудасныя ўмовы ўтрымання, ізаляцыя ад знешняга свету”, — адзначыла дэмлідар.

“517 маладых людзей, будучыня Беларусі, губляюць здароўе і лепшыя гады жыцця — самай юнай палітзняволенай дзяўчыне 16 гадоў”, — звярнула ўвагу палітык.

Палітзняволеных маці, канстатавала яна, пазбаўляюць бацькоўскіх правоў, “за краты кідаюць сем’ямі: бацьку разам з сынам, мужа і жонку”.

“Гэта ўсё прыводзіць да трагічных наступстваў: шэсць палітвязняў рэжым замучыў да смерці ў засценках — і гэта толькі тое, пра што нам вядома”, — заявіла Ціханоўская.

Палітвязняў, паводле яе слоў, “трымаюць у закладніках”, заводзячы новыя справы і адпраўляючы за краты пасля заканчэння тэрмінаў зняволення.

Міжнародны дзень у падтрымку ахвяр катаванняў адзначаецца 26 чэрвеня — у гэты дзень у 1987 годзе ўступіла ў сілу Канвенцыя ААН супраць катаванняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных або прыніжаючых годнасць відаў абыходжання. На сённяшні дзень бакамі канвенцыі з’яўляюцца 174 краіны, уключаючы Беларусь.

Падзяліцца:
be