Мінск 02:42

Украіна выступіла супраць удзелу ў Алімпіядзе шэрагу нейтральных спартсменаў з Беларусі

Ілюстрацыйнае фота: сайт Міжнароднага алімпійскага камітэта

6 ліпеня, Позірк. Супраць удзелу ў Алімпіядзе 2024 года пецярых беларусаў, кваліфікаваных у якасці індывідуальных нейтральных спартсменаў, выступіў Нацыянальны алімпійскі камітэт Украіны і Міністэрства спорту і моладзі гэтай краіны.

“Мы даведаліся, што сярод спартсменаў, якія атрымалі ад Міжнароднага алімпійскага камітэта дазвол на ўдзел у Алімпійскіх гульнях, ёсць прадстаўнікі Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь, — адзначыла кіраўніцтва згаданых структур у адрасаваным МАК лісце. — Мы хочам звярнуць вашу ўвагу на тое, што гэтыя спартсмены падтрымліваюць вайну ва Украіне і палітыку расійскага дыктатара і не адпавядаюць дастатковым крытэрыям для атрымання статусу індывідуальнага нейтральнага атлета”.

Украінскія функцыянеры заявілі, што беларускі батутыст Іван Літвіновіч у 2022 годзе “заклікаў беларусаў галасаваць на незаконным [канстытуцыйным] рэферэндуме Лукашэнкі”, у 2023 годзе ўдзельнічаў у “прапагандысцкім мерапрыемстве разам з сынам Лукашэнкі Віктарам”, які знаходзіцца пад заходнімі санкцыямі “за падтрымку расійскай агрэсіі”, а таксама “лайкнуў пасты з [прэзідэнтам РФ Уладзімірам] Пуціным і паплечніцай Лукашэнкі [лёгкаатлеткай, дэпутатам Анастасіяй] Мірончык-Івановай”.

Стралок Дар’я Чупрыс, звяртаецца ўвага ў лісце, “з’яўляецца членам спартыўнага камітэта Узброеных сіл”. “Афіцыйны інфармацыйны рэсурс Міністэрства абароны Беларусі паведамляў пра членства Чупрыс у беларускім войску ў 2023 годзе. Дар’я Чупрыс таксама любіць фатаграфавацца з іншымі беларускімі вайскоўцамі”, — адзначана ў дакуменце.

Велагоншчыца Ганна Церах “падзялілася прапагандысцкім пастом і фота Віктара Лукашэнкі”.

Тхэквандыст Георгій Гурцыеў “лайкнуў праваенныя і антыўкраінскія пасты трэнера зборнай Расіі па тхэквандо Балата Ізуцінава ў “Інстаграме”.

Плаўчыха Анастасія Шкурдай “з’яўляецца часткай беларускай арміі”. 23 лютага яна “ўзяла ўдзел у прапагандысцкім мерапрыемстве са старшынёй Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта Юрыем Шулейкам”, пра што “пісалі многія СМІ, кантраляваныя рэжымам Лукашэнкі, які падтрымлівае вайну супраць Украіны”. Украінскія функцыянеры падкрэслілі, што Шулейка знаходзіцца пад санкцыямі Захаду “за падтрымку расійскай агрэсіі”.

“Мы хочам падкрэсліць нязменную пазіцыю Украіны: пакуль расійскія войскі пры падтрымцы беларускага ўрада працягваюць весці сваю жорсткую вайну супраць украінскага народа, неабходна ўвесці забарону на ўдзел расійскіх і беларускіх спартсменаў у любых міжнародных мерапрыемствах і спаборніцтвах у любым статусе, уключаючы статус індывідуальнага нейтральнага атлета”, — гаворыцца ў лісце.

НАК і Мінспорту Украіны спадзяюцца на “салідарнасць і падтрымку” і вераць, што МАК “зробіць усе неабходныя захады для <…> забеспячэння прынцыпаў справядлівасці і бесстароннасці ў міжнародных спартыўных спаборніцтвах”.

Усе пяцёра вышэйзгаданых беларускіх атлетаў пацвердзілі свой удзел у АГ-2024 у якасці індывідуальных нейтральных спартсменаў. Апрача іх у Алімпіядзе збіраюцца ўдзельнічаць батутыстка Віялета Бардзілоўская, цяжкаатлеты Сюзана Валадзько і Яўген Ціханцоў, барэц Абубакар Хаслаханаў, весляры Яўген Залаты і Таццяна Клімовіч, стралок Аляксандра Пятрова, канаісты Уладзіслаў Кравец і Юлія Трушкіна, плыўцы Аліна Змушко, Ілля Шымановіч.

Былі дапушчаныя да спаборніцтваў, але адмовіліся ад удзелу барцы Ягор Акуліч, Уладзіслаў Казлоў, Дзмітрый Зарубскі, Віялета Рэбікава, Крысціна Сазыкіна, тэнісісткі Арына Сабаленка і Вікторыя Азаранка.

Алімпійскія гульні пройдуць у Парыжы 26 ліпеня — 11 жніўня.

28 лютага 2022 года, праз некалькі дзён пасля пачатку вайны ва Украіне, МАК заклікаў спартыўныя федэрацыі не дапускаць да спаборніцтваў пад сваёй эгідай атлетаў з РФ і Беларусі. Гэтая рэкамендацыя была неадкладна і масава прынятая да выканання, у выніку чаго расійскі і беларускі спорт аказаўся амаль у поўнай ізаляцыі.

25 студзеня 2023 года выканкам МАК пацвердзіў санкцыі, уведзеныя ў дачыненні да Беларусі і РФ праз вайну супраць Украіны, аднак адзначыў, што ніводнаму спартсмену нельга забараняць удзельнічаць у спаборніцтвах “толькі праз яго пашпарт”.

28 сакавіка МАК выпусціў заяву, у якой рэкамендаваў міжнародным федэрацыям па відах спорту дазволіць беларусам і расіянам удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах. Пры гэтым павінен быць выкананы шэраг умоў. Беларускія і расійскія атлеты могуць спаборнічаць “у якасці індывідуальных нейтральных спартсменаў” (без выкарыстання сцяга, гімна і іншай сімволікі сваіх дзяржаў) і толькі ў тым выпадку, калі яны “актыўна не займаліся падтрымкай баявых дзеянняў” і не маюць дзейных кантрактаў з сілавымі і ваеннымі ведамствамі сваіх краін.

З аналагічнымі ўмовамі 8 снежня МАК дапусціў індывідуальных спартсменаў з Беларусі і Расіі да ўдзелу ў АГ-2024 у нейтральным статусе.

Падзяліцца: