Мінск 16:22

Мяжу з Беларуссю ахоўваюць 8 тыс. салдат, яшчэ 9 тыс. мусяць быць у рэзерве — Мінабароны Польшчы

Ілюстрацыйнае фота: прэс-служба Памежнай аховы Польшчы

10 ліпеня, Позірк. Міністэрства абароны Польшчы павялічыла колькасць вайскоўцаў, прыцягнутых да аховы мяжы з Беларуссю, заявіў намеснік кіраўніка ведамства Павел Бейда 10 ліпеня на канферэнцыі аб праграме “Шчыт Усход”.

Паводле яго слоў, для падтрымкі памежнай службы ўжо накіравана 8 тыс. салдат. Яшчэ 9 тыс. мусяць знаходзіцца ў стратэгічным рэзерве. У выпадку пагрозы яны з’явяцца на мяжы цягам 48 гадзін”, — цытуе военачальніка tvp.info.

Начальнік Генеральнага штаба Веслаў Кукула адзначыў, што “зменіцца ўся канцэпцыя ўдзелу арміі ў аперацыях на мяжы”.

4 ліпеня паведамлялася, што Варшава разлічвае на дапамогу замежных памежнікаў і паліцэйскіх пры патруляванні мяжы з Беларуссю. Гаворка пра прадстаўнікоў адпаведных структур з Германіі, Грэцыі і Фінляндыі.

“Падрыхтоўка ідзе поўным ходам, і гэта краіны, якія маюць вялікі досвед у ахове межаў. Асабліва, напрыклад, грэцкі досвед [процідзеяння нелегальнай міграцыі праз мяжу з Турцыяй] можа быць вельмі карысны”, — прыводзіла Reuters словы неназванага польскага чыноўніка.

Адзначалася, што памежнае агенцтва Еўрасаюза Frontex фіксуе павелічэнне амаль удвая з пачатку года колькасці мігрантаў, якія спрабуюць трапіць у ЕС праз усходнюю мяжу.

“У апошнія месяцы афіцыйныя асобы Польшчы і Фінляндыі папярэджвалі, што колькасць людзей, якія спрабуюць перасекxы мяжу праз Беларусь або Расію, можа значна ўзрасці ў найбліжэйшай будучыні”, — гаварылася ў публікацыі.

3 ліпеня міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі заявіў, што Беларусь “дасылае сотні мігрантаў з расійскімі візамі”, фактычна ўручную кантралюючы колькасць тых, хто спрабуе перайсці мяжу нелегальна.

Бываюць месяцы, “калі колькасць мігрантаў роўная нулю”, а бывае, што мяжу спрабуе перайсці “300–400 чалавек на дзень”, сказаў ён.

Толькі ад Мінска залежыць, якімі будуць яго добрасуседскія стасункі з Польшчай, падкрэсліў Сікорскі ў кантэксце магчымага закрыцця Варшавай мяжы з Беларуссю. “Нашы базавыя патрабаванні — каб на волю выйшаў [асуджаны ў Беларусі на 8 гадоў журналіст і актывіст Саюза палякаў] Анджэй Пачобут і спыніліся сілавая перакідка мігрантаў”, — дадаў міністр.

Кіраўнік Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Томаш Семаняк у інтэрв’ю Polsat News 3 ліпеня не выключыў розныя варыянты развіцця падзей на мяжы з Беларуссю, адзначыўшы, што пры іх прыняцці Варшава будзе арыентавацца на свае “ўнутраныя інтарэсы”.

Аляксандр Лукашэнка, выступаючы 2 ліпеня на ўрачыстым сходзе, прысвечаным Дню незалежнасці, у чарговы раз заявіў, што нелегальныя мігранты ідуць у Еўрасаюз, бо іх туды “паклікалі”, у Беларусі іх “лавіць не будуць”.

6 чэрвеня стала вядома пра смерць польскага вайскоўца 1-й танкавай брыгады Матэвуша Сітака, параненага нажом 28 траўня на мяжы з Беларуссю. Паводле інфармацыі Памежнай аховы Польшчы, вайсковец зазнаў напад мігранта, які ў складзе вялікай групы спрабаваў незаконна перасекчы мяжу з боку Беларусі.

13 чэрвеня на польска-беларускай мяжы пачала дзейнічаць буферная зона, пакуль тэрмін быў вызначаны ў 90 дзён. Паводле інфармацыі МУС Польшчы, дзякуючы ёй колькасць спробаў парушэння мяжы скарацілася прыкладна на траціну.

З вясны 2021 года на мяжы Беларусі і Еўрасаюза працягваецца міграцыйны крызіс, які ўлады Польшчы і краін Балтыі называюць “гібрыднай атакай”, арганізаванай рэжымамі ў Мінску і Маскве.

Асноўная мэта праграмы “Шчыт Усход” — стрымліванне, стварэнне інфраструктуры і магчымасцей для аховы мяжы Польшчы з Беларуссю і РФ.

Падзяліцца:
be