Мінск 06:22

Мінск хоча развіваць стасункі з ААН, якую Лукашэнка называў “падручным сабачкам” Захаду

Намеснік міністра замежных спраў Юрый Амбразевіч і пастаянны каардынатар ААН у Беларусі Расул Багіраў
Фота: прэс-служба МЗС

12 ліпеня, Позірк. Пытанні ўзаемадзеяння Беларусі і Арганізацыі Аб’яднаных Нацый абмеркаваў 11 ліпеня ў Мінску намеснік міністра замежных спраў Юрый Амбразевіч з пастаянным каардынатарам ААН у краіне Расулам Багіравым, паведамляе прэс-служба МЗС.

Суразмоўцы разгледзелі “кірункі і прыярытэты” праграмнай дзейнасці ААН у Беларусі, надалі ўвагу пытанням сацыяльна-эканамічнага развіцця дзяржавы і дасягнення Мэт устойлівага развіцця, абмеркавалі ўзаемадзеянне пры падрыхтоўцы праекта рамачнай праграмы Беларусі і ААН у галіне ўстойлівага развіцця на 2026–2031 гады.

На сустрэчы таксама была ўзнятая тэма падрыхтоўкі Беларусі да ўдзелу ў Саміце будучыні (22–23 верасня) і Тыдня высокага ўзроўню (пачынаецца 24 верасня) у рамках 79-й сесіі Генасамблеі ААН у Нью-Ёрку.

“Дамовіліся аб працягу развіцця канструктыўных стасункаў Беларусі з Арганізацыяй Аб’яднаных Нацый”, — гаворыцца ў паведамленні.

На сустрэчы з удзельнікамі пасяджэння савета Парламенцкай асамблеі АДКБ 18 траўня 2023 года Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ААН і Арганізацыя па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе намаганнямі “заходніх апанентаў” ператвараюцца “ў інстытуты ціску і канфрантацыі, становяцца падручнымі сабачкамі для заходніх дзяржаў”. “Мы лічым недальнабачнымі і безадказнымі падобныя дзеянні”, — заявіў ён.

15 чэрвеня таго ж года, прымаючы даверчыя граматы шэрагу замежных амбасадараў, Лукашэнка заявіў, што ААН “з цывілізаванай дыялогавай пляцоўкі для вырашэння спрэчак і дыскусій пра будучае развіццё свету” ператварылася ў “дыпламатычнае казіно, дзе запраўляюць заходнія верхаводы”.

На яго думку, “калектыўны Захад” толькі “пакуль запраўляе ў ААН”. “Мы выступаем за шматпалярны, справядлівы свет з гарантыямі развіцця для ўсіх краін без выключэння. У гэты час Захад разбурае сістэму еўрапейскай бяспекі, створаную пасля Другой сусветнай вайны”, — сказаў Лукашэнка.

На сустрэчы з Лукашэнкам сёлета 4 ліпеня ў Астане (Казахстан) генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш выказаў занепакоенасць сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі.

За дзень да таго спецыяльны дакладчык СПЧ ААН па правах чалавека у Беларусі Анаіс Марэн прадставіла даклад, у якім канстатавана засмучальная сітуацыя ў краіне. На абмеркаванні дакумента ніводная дзяржава, якая пажадала выказацца, не заступілася за рэжым Лукашэнкі.

Пастаянным каардынатарам ААН у Беларусі прызначаны Расул Багіраў

28 сакавіка, Позірк. Генеральны сакратар Арганізацыі Аб'яднаных Нацый Антоніу Гутэрыш 28 сакавіка прызначыў пастаянным каардынатарам ААН у Беларусі прадстаўніка Азербайджана Расула Багірава. Паводле інфармацыі прэс-службы сусветнай арганізацыі, прызначэнне ўзгодненае з беларускім урадам. Багіраў пачне працу на новай пасадзе 29 сакавіка. “Доктар Багіраў …
Падзяліцца: