Мінск 16:46

За мінулы тыдзень Беларусь без віз наведала 4.745 грамадзян суседніх краін ЕС

Ілюстрацыйнае фота: прэс-служба Дзяржпагранкамітэта

15 ліпеня, Позірк. З 8 па 15 ліпеня Беларусь без віз наведала 4.745 жыхароў суседніх краін Еўрасаюза (тыднем раней — 4.230), сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз інфармацыі Дзяржаўнага пагранічнага камітэта.

За гэты час у краіну прыбыў 1.471 грамадзянін Літвы (1.404), 1.891 грамадзянін і 545 неграмадзян Латвіі (1.421 і 499 адпаведна), 838 грамадзян Польшчы (906).

З 1 студзеня 2024 года бязвізам скарысталася 116.249 замежнікаў з Еўрасаюза: 50.552 грамадзяніны Літвы, 1.214 грамадзян і 9.369 неграмадзян Латвіі, а таксама 25.114 грамадзян Польшчы.

Усяго з пачатку дзеяння бязвізавага рэжыму ў Беларусь накіравалася 916.855 замежнікаў: 545.763 грамадзяніны Літвы, 216.015 грамадзян і 65.484 неграмадзяніны Латвіі, а таксама 89.593 грамадзяніны Польшчы.

Бязвізавы рэжым дзейнічае з 15 красавіка 2022 года для жыхароў Латвіі і Літвы, з 1 ліпеня таго ж года — для жыхароў Польшчы. Аляксандр Лукашэнка некалькі разоў падаўжаў яго тэрмін, апошні раз — да канца 2024 года.

Улады названых суседніх краін неаднаразова заклікалі суайчыннікаў не наведваць Беларусь з меркаванняў бяспекі.

18 жніўня 2023 года Літва закрыла пункты пропуску Шумскас (з беларускага боку — Лоша) і Цвярачус (Відзы), 1 сакавіка 2024-га — Лаварышкес (Катлоўка) і Райгардас (Прывалка). На мяжы з Беларуссю працягваюць працаваць два пагранпераходы — Мядзінінкай (Каменны Лог) і Шальчынінкай (Беняконі).

Пасля вынясення палітычна матываванага выраку журналісту, актывісту неафіцыйнага Саюза палякаў Беларусі Анджэю Пачобуту (8 гадоў пазбаўлення волі) 10 лютага 2023 года Польшча на нявызначаны тэрмін закрыла адзін з двух даступных для вандроўнікаў пунктаў пропуску — Баброўнікі (з беларускага боку Бераставіца).

19 верасня 2023 года праз узрослую плынь нелегальных мігрантаў з боку Беларусі Латвія на нявызначаны тэрмін закрыла і забарыкадавала пункт пропуску Сілене (Урбаны).

Сёлета 22 чэрвеня міністр замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі заявіў, што Варшава разглядае магчымасць закрыць усе памежныя пераходы на мяжы з Беларуссю.

Падзяліцца: