Мінск 00:05

Беларусь чакае другі расійскі транш на імпартазамяшчальныя праекты, ён складзе 1,2 млрд долараў

Крыніца: e-cis.info

15 ліпеня, Позірк. Памер другога расійскага траншу на рэалізацыю імпартазамяшчальных праектаў чакаецца на ўзроўні 105 млрд расійскіх рублёў — каля 1,2 млрд долараў, заявіў амбасадар Беларусі ў РФ Аляксандр Рагожнік 15 ліпеня на Каўказскім інвестыцыйным форуме ў Грозным.

Відэафрагмент яго выступлення апублікаваны ў тэлеграм-канале дыпмісіі.

Паводле слоў Рагожніка, выдзяленне сродкаў цяпер “прапрацоўваецца”, акцэнт пры іх выкарыстанні плануецца зрабіць на рэалізацыі “так званых высокатэхналагічных, складаных праектаў, якімі ў рамках Саюзнай дзяржавы дзве краіны не валодаюць”.

2 ліпеня пасля сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам Рагожнік заявіў, што Беларусь “практычна асвоіла” выдзеленыя Масквой 105 млрд расійскіх рублёў на рэалізацыю інвестыцыйных імпартазамяшчальных праектаў і гатовая перайсці да наступнага этапу — “прапрацоўкі з расійскім бокам выдзялення дадатковага пакета сродкаў”.

“Такі пул праектаў ужо сфармаваны ў галіне мікраэлектронікі, дэталёва прапісана, хто чым займаецца. Гэта не толькі кампанентная база, але і абсталяванне пад выраб мікраэлектронікі. Праекты таксама датычацца авіябудавання, станкабудавання, рабатызацыі і аўтаматызацыі вытворчасці”, — паведаміў дыпламат.

У лістападзе 2022 года было падпісана міжурадавае пагадненне аб прадастаўленні Беларусі да 105 млрд расійскіх рублёў (на той момант каля 1,1 млрд долараў) у рамках дзяржаўнага фінансавага крэдыту РФ. 15 снежня 2023-га прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка заявіў, што беларускія прадпрыемствы выкарыстоўвалі з тых сродкаў 13 млрд рублёў (больш за 144 млн долараў па тагачасным курсе).

31 сакавіка намеснік міністра прамысловасці і гандлю Расіі Віктар Еўтухоў заявіў, што цяпер “няма падзелу на расійскае і беларускае”, “ёсць адзіныя саюзныя тавары”, “усё роўна, колькі чыіх кампанентаў, колькі сыравіны, матэрыялаў, агрэгатаў выкарыстоўваецца ў вытворчасці таго ці іншага прадукту”.

Сёлета 2 красавіка стала вядома, што Міністэрства прамысловасці Беларусі і Міністэрства прамысловасці і гандлю Расіі зацвердзілі 25 пашпартоў перспектыўных інвестыцыйных імпартазамяшчальных праектаў у рамках расійскага крэдыту для далейшай іх сумеснай рэалізацыі.

Адзначалася, што ў рамках расійскага дзяржаўнага крэдыту заключаны крэдытныя дагаворы з банкамі і ажыццяўляецца крэдытаванне па 15 інвестыцыйных праектах. Праведзеныя конкурсы і вызначаныя пераможцы на пастаўку або мадэрнізацыю больш за 800 адзінак абсталявання, пастаўлена каля 300 адзінак новага або мадэрнізаванага абсталявання.

Па праекце мадэрнізацыі на прадпрыемстве “Гомсельмаш” заключана 33 кантракты на закупку 137 адзінак абсталявання, пастаўлена 14.

Мінскі завод шасцерняў заключыў 23 кантракты на закупку 116 адзінак абсталявання, з іх пастаўлена 36.

На Мінскім падшыпнікавым заводзе за кошт крэдыту мадэрнізавана 46 адзінак абсталявання.

Падзяліцца: