Мінск 11:49

Мытня Літвы апублікавала спіс тавараў, у дачыненні да якіх дзейнічаюць новыя санкцыі ЕС

Крыніца: unsplash.com

15 ліпеня, Позірк. Мытная служба Літвы апублікавала тлумачэнні адносна новых санкцый ЕС, якія ўступілі ў сілу 1 ліпеня ў дачыненні да Беларусі і тычацца экспарту, імпарту і транзіту тавараў.

Сярод іншага ў паведамленні гаворыцца, што забараняецца экспартаваць у Беларусь агнястрэльную зброю, яе часткі і асноўныя вузлы і боепрыпасы да яе; марскія навігацыйныя тавары і тэхналогіі, у тым ліку, вырабленыя не ў краінах Еўрасаюза; тавары і тэхналогіі з ЕС і іншых краін праз тэрыторыю саюза, прыдатныя для выкарыстання ў нафтаперапрацоўцы і пры звадкаванні прыроднага газу; праграмнае забеспячэнне для бізнес-адміністравання, а таксама для прамысловага дызайну і вытворчасці.

Як паведамляў “Позірк”, спіс тавараў, забароненых да вывазу з Еўрасаюзу ў Беларусь, утрымлівае некалькі сотняў пазіцый. Яго можна знайсці, у прыватнасці, у дадатку XVIII “Пералік тавараў і тэхналогій, якія могуць спрыяць павелічэнню прамысловага патэнцыялу Беларусі” на старонках 195–230 Рэгламенту Савета (ЕС) № 2024/1865 ад 29 чэрвеня.

Да ўвозу з Беларусі ў краіны Еўрасаюза, і, у прыватнасці, у Літву, забароненыя каштоўныя камяні і вырабы з іх, золата, мінеральныя прадукты і сырую нафту, а таксама, як паведамляў “Позірк”, цэлы шэраг тавараў, пералік якіх змяшчаецца на старонках 241–258 згаданага рэгламенту.

Да транзіту з тэрыторыі краін ЕС праз Беларусь забароненыя агнястрэльная зброя, яе часткі і асноўныя вузлы і боепрыпасы да яе, тавары і тэхналогіі двайнога прызначэння, тавары і тэхналогіі, прыдатныя для выкарыстання ў авіяцыйнай або касмічнай прамысловасці і тавары, якія трапілі пад забарону на экспарт у Беларусь.

У інфармацыі мытнага ведамства Літвы пазначаныя спасылкі на апошняе рашэнне Савета ЕС у дачыненні да Беларусі, а таксама паказваюцца папярэднія заканадаўчыя акты Еўрасаюза, якія былі дапоўненыя ў сувязі з прыняццем новых санкцый.

Таксама нагадваецца пра пачатак дзеяння санкцый ЕС у дачыненні да беларускіх прычэпаў і паўпрычэпаў.

Літоўская мытня адзначае, што з 2 жніўня будзе забароненая дзейнасць аўтатранспартных прадпрыемстваў у ЕС, калі 25% або больш іх уласнасці належыць беларускім асобам або арганізацыям і калі гэтыя кампаніі былі створаныя пасля 8 красавіка 2022 года.

Аб пашырэнні санкцый ЕС у дачыненні да Беларусі стала вядома 29 чэрвеня.

Падзяліцца: