Мінск 13:43

Гандлёвы цэнтр Ірана адкрыецца ў Мінску

30 ліпеня, Позірк. У Мінску з’явіцца гандлёвы цэнтр Ірана. Арганізацыя развіцця гандлю (АРГІ) гэтай краіны выдала адпаведную ліцэнзію на яго стварэнне і кіраванне ім, паведамляе іранскае дзяржаўнае інфармагенцтва IRNA.

Ліцэнзія дзейнічае да 21 траўня 2025 года. Сам цэнтр будзе знаходзіцца пад кантролем АРГІ.

АРГІ — урадавая арганізацыя, створаная ў 2004 годзе на базе Цэнтра садзейнічання экспарту Ірана. У яе функцыі ўваходзіць садзейнічанне іранскаму гандлю па ўсім свеце.

Акрамя іншага арганізацыя курыруе працу змешанай беларуска-іранскай камісіі па пытаннях эканамічнай супрацы, 16-е пасяджэнне якой адбылося ў кастрычніку 2023 года ў Мінску.

На пачатак гэтага года ў Ірана было па пяць гандлёвых цэнтраў у Іраку і Расіі, тры — у Сірыі, па адным — ва Узбекістане, Польшчы, ААЭ і некаторых іншых краінах. У траўні было абвешчана, што плануецца адкрыць яшчэ два цэнтры ў Іраку, а таксама па адным у Кітаі, Індыі, Казахстане, В’етнаме, Тайландзе і Амане. Разам з цэнтрам у Мінску паведамляецца пра стварэнне другога аналагічнага цэнтра ў Кітаі — у Шанхаі.

У апошні час рэжым Аляксандра Лукашэнкі актыўна наладжвае сувязі з іранскім кіраўніцтвам. Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергяенка зараз знаходзіцца ў Тэгеране на цырымоніі інаўгурацыі прэзідэнта краіны Масуда Пезешкіяна. Папярэдні прэзідэнт Ірана Эбрахім Раісі загінуў у авіякатастрофе 19 траўня. На цырымоніі развітання з ім 22 траўня Беларусь прадстаўляў ранейшы міністр замежных спраў Сяргей Алейнік (пасунуты з пасады 27 чэрвеня, цяпер член Савета Рэспублікі).

Згодна з іранскай статыстыкай, з 21 сакавіка 2023 года па 19 сакавіка 2024-га (1402 год паводле іранскага календару) экспарт Ірана ў Беларусь вырас на 34% і дасягнуў 20 млн долараў, беларускія пастаўкі ў гэтую краіну павялічыліся на 35% і склалі 59 млн.

Мінск актуальныя даныя пра ўзаемны тавараабарот у адкрытым доступе не публікуе. У кастрычніку 2023 года прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка заяўляў, што ў 2022 годзе ўзаемны тавараабарот вырас утрая, а даныя 2023 года, якія былі на той момант, фіксавалі рост узаемных паставак яшчэ на 25%.

Падзяліцца: