Мінск 05:58

Вайскоўцы Беларусі і Ірана абмеркавалі супрацу ў сферы інжынернага забеспячэння

31 ліпеня, Позірк. Перспектывы беларуска-іранскай супрацы ў сферы інжынернага забеспячэння абмеркаваныя 31 ліпеня на сустрэчы ў Мінску, паведамляе прэс-служба Міністэрства абароны.

Дэлегацыю Міністэрства абароны і падтрымкі Узброеных сіл Ірана, якая прыбыла ў беларускую сталіцу, узначальвае начальнік галоўнага ўпраўлення будаўнічых праектаў апарата намеснік міністра па інжынерна-тэхнічных пытаннях Джавад Газанфарнія. Перамовы з імі правяла група на чале з начальнікам упраўлення інжынерных войскаў Генштаба УС Беларусі Паўлам Міхайлавым.

Сустрэча адбылася на фоне актывізацыі беларуска-іранскай супрацы ў вайсковай сферы.

У рамках візіту ў Тэгеран 31 ліпеня 2023 года міністр абароны Віктар Хрэнін падпісаў з іранскім калегам Махамадам Рэзой Ашціяні мемарандум аб ваенным супрацоўніцтве.

18 верасня Хрэнін абмеркаваў стан і перспектывы развіцця супрацы ў ваеннай сферы з іранскім амбасадарам Алірэзой Санеі.

У лістападзе адбылося першае пасяджэнне беларуска-іранскай міжведамаснай камісіі па ваенным супрацоўніцтве.

У лютым 2024 года беларускую сталіцу наведаў намеснік міністра абароны Ірана Сяед Галандары, які адказвае за міжнародныя стасункі, напрыканцы красавіка — яшчэ адзін намеснік міністра, рэктар Тэхналагічнага ўніверсітэта імя Маліка Аштара Мехдзі Джафары.

27 красавіка Хрэнін на сустрэчы з іранскім калегам заявіў пра гатоўнасць Беларусі “развіваць і ўмацоўваць” супрацу з Тэгеранам ва ўмовах міжнародных санкцый. Ашціяні ў сваю чаргу заявіў, што Іран і Беларусь “падзяляюць погляды па асноўных рэгіянальных і міжнародных праблемах і заўсёды падтрымлівалі пазіцыі адзін аднаго”. Ён падкрэсліў “высокі патэнцыял” дзвюх краін “у ваенным і абаронным сектарах”, адзначыўшы “гатоўнасць Тэгерана да больш шчыльнай супрацы з Мінскам”.

2 траўня стала вядома, што ў Тэгеране завяршыліся камандна-штабныя вучэнні “Пояс бяспекі 2024”, у якіх бралі ўдзел беларускія вайскоўцы.

16 траўня ў Міністэрстве абароны Беларусі ўпершыню з моманту ўсталявання беларуска-іранскіх дыпламатычных стасункаў (18 сакавіка 1993 года) быў акрэдытаваны ваенны аташэ пры амбасадзе Ірана ў Расіі і Беларусі (па сумяшчальніцтве) капітан першага рангу Рэза Хасраві Магадам.

Падзяліцца: