Мінск 15:38

Шольц: Германія пайшла на абмен, каб вызваліць расійскіх палітвязняў, а таксама грамадзян ФРГ і ЗША

2 жніўня, Позірк. Бэрлін пагадзіўся выдаць Расіі афіцэра спецслужб Вадзіма Красікава, асуджанага ў Германіі за забойства, каб дамагчыся вызвалення расійскіх палітвязняў і грамадзян ФРГ і ЗША, якія ўтрымліваліся ў турмах РФ і Беларусі. Пра гэта заявіў канцлер Олаф Шольц вечарам 1 жніўня ў аэрапорце Кёльн-Бон, куды з Анкары накіраваўся самалёт з часткай вызваленых.

Паводле яго слоў, паведамляе DW, гэта было няпростае рашэнне. Праваахоўныя ведамствы ФРГ і члены кіруючай кааліцыі прынялі яго пасля “стараннага абмеркавання, пра гэта таксама была праінфармаваная апазіцыя”, падкрэсліў кіраўнік урада.

Ён пацвердзіў, што ў рамках здзелкі быў вызвалены нямецкі грамадзянін Рыка Крыгер, прыгавораны ў Беларусі да смяротнага пакарання нібыта за “тэрарызм”, а затым памілаваны Аляксандрам Лукашэнкам.

Канцлер анансаваў прылёт Крыгера і некаторых іншых абмененых у аэрапорт Кёльн-Бон каля 23.00 па мясцовым часе (апоўначы па мінскім). Каб асабіста сустрэць былых вязняў, Шольц перапыніў адпачынак.

Крыгер вызвалены ў рамках найбуйнейшага за многія гады абмену зняволенымі, які адбыўся паміж Расіяй, ЗША і Германіяй.

Прэс-служба Крамля 1 жніўня паведаміла, што прэзідэнт Уладзімір Пуцін падпісаў указы аб памілаванні Пола Уілана (былы амерыканскі марскі пяхотнік), Эвана Гершковіча (амерыканскі журналіст), Кевіна Ліка (ураджэнец Германіі, пераехаў у РФ з расійскай маці), Дэмуры (Дытэра) Вароніна (расійска-нямецкі палітолаг), Уладзіміра Кара-Мурзы, Алсу Курмашавай, Ліліі Чанышавай, Вадзіма Астаніна, Ясеніі Фадзеевай, Аляксандры Скачыленка, Іллі Яшына, Андрэя Піваварава і Алега Арлова.

У паведамленні выказана ўдзячнасць Лукашэнку за памілаванне Крыгера, а таксама “кіраўніцтву ўсіх краін, якія надалі садзейнічанне ў падрыхтоўцы абмену”.

Раней паведамлялася, што Масква павінна была атрымаць групу расіян, асуджаных у ЗША і Еўрасаюзе. Сярод іх Вадзім Красікаў, які атрымаў у Германіі пажыццёвы тэрмін за забойства; прызнаныя вінаватымі ў шпіянажы Арцём і Ганна Дульцавы, якія адбывалі пакаранне ў Славеніі, а таксама Міхаіл Мікушын, Павел Рубцоў, Раман Селязнёў, Уладзіслаў Клюшын, Вадзім Канашчонак.

24 чэрвеня Мінскі абласны суд (суддзя Алег Лапека) вынес Крыгеру смяротны прысуд. Грамадзянін ФРГ быў прызнаны вінаватым паводле ч. 4 арт. 295 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў), ч. 4 арт. 309 (наўмыснае прывядзенне ў непрыдатнасць транспартнага сродку або шляхоў зносін), ч. 3 арт. 3611 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзел у ім), ч. 3 арт. 289 (акт тэрарызму), арт. 3581 (агентурная дзейнасць) і арт. 133 (найміцтва) Крымінальнага кодэкса.

МЗС Беларусі 20 ліпеня паведаміў, што беларускі бок прапанаваў Германіі “канкрэтныя рашэнні па наяўных варыянтах развіцця сітуацыі”.

30 ліпеня стала вядома, што Крыгер звярнуўся да Лукашэнкі з прашэннем аб памілаванні. У той жа дзень яно было задаволенае.

25 ліпеня на тэлеканале “Беларусь 1” быў паказаны маналог Крыгера. У сюжэце сцвярджалася, што Крыгер быў завербаваны Службай бяспекі Украіны для здзяйснення тэрактаў у Беларусі.

Падзяліцца: