Мінск 04:12

Мінфін ЗША увёў новыя санкцыі ў дачыненні да Мінска, у тым ліку супраць самалёта Лукашэнкі

Крыніца: pixabay.com

9 жніўня, Позірк. У чацвёртую гадавіну прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ў Беларусі Міністэрства фінансаў ЗША ўвяло санкцыі ў дачыненні да 19 фізічных і 14 юрыдычных асоб з Беларусі, Дзярждэпартамент ЗША увёў санкцыі супраць шэрагу чыноўнікаў рэжыму.

Пад новыя санкцыі ЗША трапілі: ТДА “Дыскомс” (вытворчасць аўтакампанентаў, нестандартнага абсталявання, металаапрацоўка), прыватная авіякампаніі “Белканта”, прыватная грузавая авіякампанія “Рада”, завод “Легмаш”, “КБ Беспілотныя верталёты” (спецыялізуецца на распрацоўцы і вытворчасці беспілотных) лятальных апаратаў), ТАА “Дакладная механіка” (вытворчасць дэталяў высокай дакладнасці для прамысловасці), ТАА “АлЮрТех” (выраб металавырабаў), ТАА “Гросвер Груп” (металаапрацоўка), ТАА “Лазерныя прыборы і тэхналогіі” (вытворчасць лазерных і аптычных кампанентаў) , ТАА “МАП” (металаапрацоўка), ТАА “Рухсерваматор” (выраб станкоў лазернай рэзкі, каардынатных сістэм і інш.), ТАА “Рузэкспедыцыя” (у спісе пазначана як “яно ж Рудзенскі ўгнаенчы завод”; экспедзіраванне і захоўванне грузаў), УП “РубіСтар” (грузавыя авіяперавозкі), ТАА “Влатэ Лагістык” (транспарціроўка і захоўванне грузаў).

Таксама спіс папоўнілі фізічныя асобы Уладзімір Аркадзьеў (“Улаце Лагістык”), Алег Барабанаў (“Улаце Лагістык”), Юрый Чывель (ТАА “Лазерныя прыборы і тэхналогіі”), Уладзімір Чудакоў (канструктарскае бюро “Беспілотныя Верталёты”), Аркадзь Дыменштэйн (АДА “Дыскомс”), Алег Герасім (“Улаце Лагістык”), Дзмітрый Ішчанка (авіякампанія “Рада”), Сяргей Касцёнак (ТАА “Гросвер Груп”), Яўген Крахацін (уладальнік кампаніі “Рузэкспедыцыя”), Аляксандр Лешчанка (“Дакладная механіка” ), Яўген Міхалап, Іван Нарэйка (авіякампанія “Рада”), Уладзіслаў Паўленка (дырэктар завода “Легмаш”), Алег Пятроў (“Улаце Лагістык”), Вікторыя Саўрук (ТАА “МАП”), Сяргей Сідарук (ТАА “Рухсерваматор”) , Аляксей Яворскі (ТАА “АлЮрТэх”), Дзмітрый Замулевіч (“Улаце Лагістык”), Аляксандр Жарскі (ТАА “Рухсерваматор”).

Таксама ў спіс уключаны самалёт Boeing 767-32KER пад нумарам EW-001PB, на якім лятае Аляксандр Лукашэнка. Гэта другі ягоны борт, які трапіў пад амерыканскія санкцыі.

Дзяржаўны дэпартамент ЗША таксама “ўвёў візавыя абмежаванні ў дачыненні да 19 службовых асоб рэжыму Лукашэнкі і іх набліжаных за іх удзел у падрыве дэмакратыі ў Беларусі”. Традыцыйна, прозвішчы са спісу Дзярждэпа не паведамляюцца.

Дзеянні Упраўлення па кантролі за замежнымі актывамі Міністэрства фінансаў ЗША (OFAC) “накіраваны супраць асоб, якія маюць дачыненне да падтрымкі вайны Расіі ва Украіне шляхам вытворчасці ваенных рэсурсаў і перавалкі тавараў у Расію, ухілення ад санкцый ад імя беларускіх абаронных прадпрыемстваў і атрымання даходаў для беларускіх алігархаў з атачэньня Аляксандра Лукашэнкі”, сказана ў прэс-рэлізе ведамства.

Падтрымка Лукашэнкі “неапраўданай вайны Расіі супраць Украіны дорага абыходзіцца Беларусі”, лічаць у Дзярждэпартаменце.

“Лукашэнка прамяняў аўтаномію і аўтарытэт сваёй краіны ў міжнароднай супольнасці на фінансавыя і палітычныя выгады для сябе і сваіх набліжаных. Сённяшнія дзеянні ўмацоўваюць прыхільнасць Злучаных Штатаў да прыцягнення рэжыму Лукашэнкі да адказнасці за яго нападкі на беларускі дэмакратычны рух і абуральную дыскрымінацыю беларускага народа”, — гаворыцца ў рэлізе.

“У той час як Беларусь адзначае яшчэ адзін год праўлення Лукашэнкі, абуральна карумпаваныя, дэстабілізуючыя і антыдэмакратычныя дзеянні рэжыму — разам з яго пастаяннай падтрымкай незаконнага ўварвання Расіі ва Украіну — толькі яшчэ больш адхілілі Беларусь ад сусветнай супольнасці”, — заявіў выконваючы абавязкі намесніка міністра фінансаў. ЗША па пытаннях тэрарызму і фінансавай разведкі Брэдлі Т. Сміт.

Злучаныя Штаты ў каардынацыі з саюзнікамі і партнёрамі “па-ранейшаму маюць намер прыцягнуць да адказнасці гэты рэжым і яго ключавых памагатых”, адзначылі там.

Падзяліцца: