be
Arrow
Мінск 14:17

Прыняты закон, які адмяняе права атрымання адукацыі не на дзяржаўных мовах

25 ліпеня, BPN. Зацверджаны змяненні ў законе “Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь”. У новай рэдакцыі дакумент апублікаваны 25 ліпеня на Нацыянальным прававым інтэрнет-партале.

Законам замацоўваецца права на атрыманне адукацыі “на беларускай і (або) рускай мовах”. У ранейшай рэдакцыі было “на беларускай ці рускай мовах”.

Пры гэтым выключана права на выхаванне і атрыманне адукацыі на роднай мове для асоб іншых нацыянальнасцей, якія жывуць у Беларусі. Такім чынам дакумент узгоднены з новым Кодэксам аб адукацыі, згодна з якім з 1 верасня 2022 года навучанне ва ўсіх школах Беларусі павінна весціся на дзяржаўных мовах.

Згодна з новай рэдакцыяй закона, “у адпаведнасці з пажаданнямі выхаванцаў, навучэнцаў і іх законных прадстаўнікоў па рашэнні мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, узгодненым з Міністэрствам адукацыі, могуць стварацца групы ва ўстановах дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі, у якіх выхаванцы вывучаюць мову нацыянальнай меншасці, класы ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі”.

У верасні 2022 года ўлады нібыта з прычыны невыканання правілаў пажарнай бяспекі закрылі літоўскамоўную школу ў вёсцы Пялеса (Воранаўскі раён Гродзенскай вобласці), якая працавала з 1992 года. Дзяцей перавялі ў іншыя ўстановы адукацыі.

У Пяляскай школе дзеці таксама вывучалі рускую, беларускую і англійскую мовы.

Гэта была першая нацыянальная школа ў Беларусі, яе заснавальнікамі выступілі Фонд культуры і Міністэрства асветы і навукі Літвы (цяпер Міністэрства адукацыі, навукі і спорту). Школа стваралася для задавальнення патрэбнасці мясцовых літоўцаў у вывучэнні роднай мовы, нацыянальных традыцый і культуры.

Адукацыйны працэс ажыццяўляецца па вучэбных планах і праграмах Міністэрства адукацыі Беларусі. Кожныя пяць гадоў установа праходзіла атэстацыю дэпартамента кантролю якасці адукацыі пры Мінадукацыі.

Афіцыйны прадстаўнік абласнога ўпраўлення МНС Вольга Адзіева паведаміла мясцовай газеце “Светлы шлях”, што ў школе “не забяспечаны бяспечная і бесперашкодная эвакуацыя дзяцей і педагогаў <…> у выпадку надзвычайнай сітуацыі, належная супрацьдымная абарона і абарона ад распаўсюджвання агню”. Кіраўніку ўстановы было прапанавана прыпыніць дзейнасць школы “да ўстаранення выяўленых заўваг”.

Начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Руслан Абрамчык заявіў, што падчас маніторынгу ў школе “ўстаноўлена наяўнасць шэрагу пагражальных жыццю і здароўю парушэнняў”, вынесена прадстаўленне аб забароне эксплуатацыі будынка школы.

На наступны дзень МЗС Літвы асудзіла гэтае рашэнне, заявіўшы, што яно парушае дамоўленасці паміж краінамі.

Таксама з верасня 2022 года ў Беларусі спынілі выкладанне на нацыянальных мовах яшчэ ў адной літоўскай школе (у вёсцы Рымдзюны Астравецкага Гродзенскай вобласці) і дзвюх польскіх (у Гродне і Ваўкавыску) школах. Яны былі пераведзены на беларускую ці рускую мову навучання.

Падзяліцца: