НАУ перадало суду ў Гаазе новыя матэрыялы пра датычнасць Лукашэнкі да перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей
7 лістапада, Позірк. Прадстаўнікі каманды Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) на чале з яго кіраўніком Паўлам Латушкам 7 лістапада правялі сустрэчу ў Офісе пракурора Міжнароднага крымінальнага суда (МКС) у Гаазе і перадалі дадатковыя матэрыялы пра датычнасць “дыктатара [Аляксандра] Лукашэнкі і яго хаўруснікаў да ваеннага злачынства — перамяшчэнне ўкраінскіх дзяцей”.
На сайце НАУ паведамляецца, што новыя матэрыялы дапаўняюць інфармацыю, перададзеную структурай у МКС сёлета 27 чэрвеня.
“Каманда НАУ вызначыла іерархію адносін “начальнік-падпарадкаваны” паміж Лукашэнкам і датычнымі да супрацьпраўных дзеянняў службовымі і іншымі асобамі, — гаворыцца ў паведамленні. — На вяршыні гэтай іерархіі знаходзіцца самаабвешчаны прэзідэнт Лукашэнка, які незаконна ўтрымлівае ўладу ў Беларусі, а таксама з’яўляецца старшынёй Вышэйшага Дзяржаўнага Савета г.зв. Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі”.
Каманда НАУ адзначыла, што ў дзень перадачы першага пакета матэрыялаў Лукашэнка выступіў з заявай, у якой “фактычна прызнаў сваю ролю ў гэтых злачынствах”. На цырымоніі ўручэння генеральскіх пагонаў 27 чэрвеня ён пацвердзіў, што арганізацыяй “аздараўлення і рэабілітацыі ў Беларусі дзяцей Данбаса займаецца грамадскі дзеяч Аляксей Талай”. “Туды-сюды ездзіць, гэтых дзетак цягне. Да мяне дзесяць разоў звяртаўся. Я выйшаў на Пуціна, кажу: давай мы частку саюзнага бюджэту выдаткуем на гэтых дзетак. Вось так і пачалі іх прывозіць. Аздаравілі — яны з’ехалі. З’язджаць не хочуць”, — сказаў Лукашэнка.
“Пазней, 11 жніўня, ён яшчэ раз публічна паўтарыў заявы пра сваё асабістае рашэнне аказаць усебаковую падтрымку фонду Талая ў арганізацыі вывазу дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны ў Беларусь для г.зв. рэабілітацыі, — падкрэсліла каманда НАУ. — Лукашэнка асабліва адзначыў, што выдзяленне сродкаў на гэтую дзейнасць з бюджэту г.зв. Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі было яго асабістай ініцыятывай”.
Палітычная структура паведаміла, што суду ў Гаазе таксама перададзеныя “доказы і раней невядомыя факты датычнасці <…> да незаконнай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей у Беларусь” “цэлага шэрагу беларускіх і расійскіх арганізацый”, у тым ліку БРСМ, “а таксама іх кіраўнікоў і шэрагу членаў”.
Перададзеныя “падрабязныя сведчанні аб праграме перавыхавання” ўкраінскіх дзяцей “пад выглядам г.зв. рэабілітацыйнай праграмы ў лагеры “Дубрава” ў Беларусі, які знаходзіцца ва ўпраўленні дзяржаўнай кампаніі “Беларуськалій”.
“У дадатковых матэрыялах прыведзеныя доказы таго, што дзеці не былі дастаўленыя ў лагер для лячэння ці медыцынскай рэабілітацыі, — сцвярджае НАУ. — Замест гэтага дзеці ўдзельнічалі ў насычанай праграме мерапрыемстваў, якая ўтрымлівала элементы палітычнага, а менавіта антыўкраінскага, пралукашэнкаўскага і пракрамлёўскага перавыхавання. Сюды ўваходзяць сустрэчы з прадстаўнікамі Рускай праваслаўнай царквы, мотаклубаў “Начныя валькірыі” і “Начныя ваўкі”, прадстаўнікамі г.зв. Саюзнай дзяржавы, <…> рэжыму Лукашэнкі, <…> моладзевай арганізацыі “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”, прапагандыстамі, <…> артыстамі, якія падтрымліваюць вайну супраць Украіны, антыўкраінскую і прарасійскую ідэалогію”.
У матэрыялах утрымліваюцца “асабістыя звесткі 37 ўкраінскіх дзяцей, незаконна вывезеных з тэрыторыі Украіны”. Усяго, згодна з інфармацыяй НАУ, у Беларусь было вывезена “больш як 3 тыс. украінскіх дзяцей”, з якіх не менш за 2,1 тыс. — “з відавочнымі парушэннямі нормаў міжнароднага гуманітарнага права”.
НАУ дамагаецца спынення злачынстваў у дачыненні да дзяцей, іх вяртання ва Украіну, выдачы ордара на арышт Лукашэнкі і прадстаўнікоў яго рэжыму, прыцягнення іх да адказнасці за ваенныя злачынствы, а таксама злачынствы супраць чалавечнасці, здзейсненыя ў дачыненні да беларускага народа з траўня 2020 года.
За вываз украінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый МКС выдаў ордар на арышт прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна і дзіцячага амбудсмэна Марыі Львовай-Бяловай.
13 верасня Еўрапарламент прыняў рэзалюцыю з заклікам да МКС разгледзець магчымасць выдаць ордар на арышт Лукашэнкі.
- ЭканомікаБеларусь заняла сёмае месца на тэрыторыі былога СССР па росце спажывецкіх цэн у студзені — лістападзе 2024 года (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаПасля відэа ў "ЦікТоку" з зацвілымі лавашамі Лукашэнка даручыў арганізаваць праверкі на хлебазаводах — дакументМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Выбары, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 24 снежня 2024 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Эканоміка
- ЭканомікаЗа апошнія тры гады колькасць уведзеных у эксплуатацыю кватэр скарацілася на чвэрцьМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, ПалітыкаУрад Украіны прапануе выключыць беларускую мову са спісу тых, якія падлягаюць абароне ў краіне (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства, ПалітыкаДыпламатычнае збліжэнне рэжыму з Ватыканам раней суправаджалася вызваленнем палітвязняў, але сітуацыя змянілася — экспертМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка, ЭканомікаСанкцыі наўпрост датычацца чвэрці эканомікі — ведамасны НДІ (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Палітыка, ЭканомікаСтаршыня “Беллегпрама” сцвярджае, што ў 2024 годзе канцэрн аднавіў пастаўкі ў краіны ЕСМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Выбары, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Выбары, Палітыка