Мінск 05:24

На Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы Ціханоўская абмяркуе пытанні Беларусі з прадстаўнікамі НАТО

Святлана Ціханоўская на Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы ў 2023 годзе
Фота: прэс-служба Ціханоўскай

15 лютага, Позірк. Дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская падчас Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы (16–18 лютага) правядзе сустрэчы з прадстаўнікамі НАТО, паведамляе прэс-служба палітыка.

16 лютага запланаваныя сустрэчы з памочнікам дзяржаўнага сакратара ЗША па справах Еўропы і Еўразіі Джэймсам О’Браянам, міністрам замежных спраў Мальты Янам Боргам, а таксама прэзідэнтам кампаніі Signal Foundation Мэрэдыт Уітакер.

У той жа дзень Ціханоўская сустрэнецца з амерыканскім сенатарам Джын Шахін, прэзідэнтам Парламенцкай асамблеі НАТО Міхалам Шчэрбай, журналістам і публіцыстам Эн Эплбаўм, а таксама Стывенам Харперам, які ўзначальваў урад Канады ў 2006–2015 гадах.

Запланаваныя сустрэчы з міністрам замежных спраў Ісландыі Б’ярні Бенедыктсанам, ганаровым спікерам палаты прадстаўнікоў ЗША Нэнсі Пелосі, памочнікам генеральнага сакратара па палітычных пытаннях і палітыцы бяспекі НАТО Борысам Руге, міністрам замежных спраў, адукацыі і спорту Ліхтэнштэйна Дамінік Хаслер, а таксама былым дзяржсакратаром ЗША Хілары Клінтан.

На перамовах Ціханоўская мае намер узняць тэмы “вываду Беларусі з вайны, ролі краіны ў рэгіянальнай бяспецы, падтрымкі супраціву і эфектыўнасці санкцый, а таксама еўрапейскай будучыні Беларусі”. Яна таксама плануе нагадаць пра рэпрэсіі ў Беларусі і “праблемах ціску з боку Расіі”, звязаных з размяшчэннем у краіне тактычнай ядзернай зброі.

На леташняй канферэнцыі палітык заявіла, што “пасля перамен” Беларусь пакіне Саюзную дзяржаву і АДКБ. Задача дэмсіл, паводле яе слоў, заключаецца ў тым, каб забяспечыць “пераход ад дыктатуры да дэмакратыі”, а гэта немагчыма, пакуль Беларусь “прыкутая да Масквы” і знаходзіцца “ў тым жа ваенным блоку, што і агрэсар”.

Мюнхенская канферэнцыя па бяспецы — штогадовы міжнародны форум, які праводзіцца з 1963 года.

Падзяліцца: