Мінск 02:01

У дачыненні да дарадцы Ціханоўскай Вячоркі распачатая спецвытворчасць (дапоўнена)

Фота: старонка Франака Вячоркі ў "Фэйсбуку"

16 лютага, Позірк. Следчы камітэт пачаў адмысловую вытворчасць у дачыненні да Франака Вячоркі — галоўнага дарадцы дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай, паведаміла ведамства 16 лютага.

У прэс-рэлізе Вячорка названы “Францишеком Вечёрко” і “так званым дарадцам Ціханоўскай”.

Спецыяльная вытворчасць пачата 15 лютага. 35-гадоваму палітыку інкрымінаваныя дзевяць артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 3 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці і варажнечы), ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся гвалтам над асобай, пагромамі, падпаламі, знішчэннем маёмасці або ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады), ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх), ч. 1 арт. 356 (здрада дзяржаве), ч. 1 арт. 357 (змова ці іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады), ч. 3 арт. 361 (заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі), ч. 1 і 2 арт. 3611 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзел у ім, у тым ліку паўторна), ч. 2 арт. 367 (паклёп у дачыненні да прэзідэнта), арт. 3691 (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь).

Адзначаецца, што рашэнне аб пачатку спецвытворчасці ўзгоднена з генеральным пракурорам, абвінавачанаму “неабходна з’явіцца па адрасе: г.Мінск, вул. Першамайская, 7”.

Спецыяльная вытворчасць — вытворчасць па крымінальнай справе ў дачыненні да абвінавачанага, які знаходзіцца па-за межамі Беларусі і ўхіляецца ад яўкі ў орган, які вядзе крымінальны працэс. Магчымая па 34 складах злачынстваў, якія пераважна адносяцца да катэгорыі цяжкіх і асабліва цяжкіх. Сярод іншага гэта акт тэрарызму, генацыд, найміцтва, здрада дзяржаве, дыверсія, стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзел у ім, масавыя беспарадкі, заклікі да санкцый і інш.

Падзяліцца: