Мінск 08:03

Крытыка легітымнасці Ціханоўскай падрывае давер да барацьбы беларускага народа — фракцыя “Еўрапейскі выбар” у КР

Крыніца: сайт КР

20 жніўня, Позірк. “Крытыка легітымнасці [дэмакратычнага лідэра] Святланы Ціханоўскай, асабліва ва ўмовах палітычнага крызісу, падрывае давер да дэмакратычных сіл і барацьбы беларускага народа. Гэта гульня на баку дыктатара”, — гаворыцца ў заяве фракцыі Каардынацыйнай рады (КР) “Еўрапейскі выбар”, распаўсюджанай 20 жніўня.

Адзначаецца, што “89% сяброў КС падтрымалі Пратакол узаемадзеяння, у пункце 4.1. якога адзначалася, што “Святлана Ціханоўская перамагла на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года і выконвае абавязкі Нацыянальнага лідэра да таго часу, пакуль у Беларусі не пройдуць сумленныя і свабодныя выбары або пакуль яна не прыме рашэнне спыніць сваю дзейнасць у гэтай якасці”. Гэтае рашэнне было прынятае дэмакратычным шляхам, і пратэсты супраць яго лічацца парушэннем дэмакратычных прынцыпаў”, лічаць у “Еўрапейскім выбары”.

Згаданы пратакол быў прыняты 3 жніўня на канферэнцыі “Новая Беларусь” у Вільнюсе.

Фракцыя лічыць, што “легітымнасць Святланы Ціханоўскай з’яўляецца важным элементам аб’яднання дэмакратычных сіл і далейшай барацьбы за свабоду”, а права прадстаўляць беларускі народ яна атрымала “дзякуючы перамозе на выбарах, міжнароднаму прызнанню і пастаяннай рабоце па абароне інтарэсаў Беларусі”.

Пры гэтым адзначаецца, што “мандат нацыянальнага лідэра <…> не з’яўляецца класічнай урадавай пасадай з фіксаваным тэрмінам, таму адпаведныя правілы былі замацаваны ў Пратаколе ўзаемадзеяння”.

“Удзел прадстаўнікоў розных груповак, у тым ліку фракцыі Андрэя Ягорава, у распрацоўцы гэтага дакумента сведчыць аб усеагульным прызнанні важнасці і неабходнасці такога рэгулявання. Андрэй Ягораў і Святлана Мацкевіч падчас галасавання падтрымалі гэты дакумент”, — адзначылі ў “Еўрапейскім выбары”.

Фракцыя заклікала “сканцэнтравацца на захаванні легітымнасці і падтрымцы кіраўніцтва, якое аб’ядноўвае значную частку беларускага грамадства”.

8 жніўня прадстаўнікі фракцыі “Беларусы” (раней “Блок Пракоп’ева — Ягорава”) Вадзім Пракопаў, Аляксандр Кныровіч, а таксама сам Ягораў заявілі, што палажэнне аб бестэрміновым падаўжэнні мандата Ціханоўскай “недапушчальна і падрывае давер да ўсіх дэмакратычных сіл Беларусі ў цэлым”. Мандат, лічаць аўтары заявы, з 9 жніўня 2025 года “будзе несапраўдным да праходжання новай працэдуры пацверджання”.

Найбуйнейшая ў КС Фракцыя “Каманда Латушкі і Рух “За Свабоду” назвала заяву “Беларусаў” правакацыяй.

Спікер Каардынацыйнай рады Анжаліка Мельнікава адзначыла, што фракцыя “Беларусы” мае права на сваё меркаванне, але звярнула ўвагу на тое, што тэкст згаданага пратакола падчас адкрытага галасавання падтрымалі ўсе групы КС.

На думку прадстаўніка фракцыі “Наша справа” Віталя Рымашэўскага, лідэрства ў дэмакратычных сілах “не павінна быць прывязана да электаральных цыклаў, якія навязвае сёння Аляксандр Лукашэнка, паколькі выбараў у Беларусі няма”.

Фракцыя “Еўрапейскі выбар” у КС згодна з рашэннем падоўжыць мандат Ціханоўскай, заявіла 10 жніўня ў каментары “Позірку” ад імя палітычнай групы яе сябра, прадстаўнік АПК па нацыянальным адраджэнні Аліна Коўшык.

13 жніўня “Беларусы” прапанавалі Ціханоўскай правесці ў 2025 годзе выбары дэмакратычнага лідэра “як лепшы спосаб пацверджання паўнамоцтваў ⟨…⟩ і пераадолення крызісу ў дэмсілах”.

Падзяліцца: