Мінск 03:50

Рашэнне па пытанні магчымай экстрадыцыі Гнёта ў Беларусь будзе прынятае на працягу месяца

Архіўнае фота: старонка Гнета ў "Інстаграме"

27 жніўня, Позірк. У апеляцыйным судзе Сербіі 27 жніўня завяршылася пасяджэнне па справе беларускага рэжысёра і журналіста Андрэя Гнёта, “у суда маецца законны тэрмін у 30 дзён для прыняцця рашэння аб яго экстрадыцыі ў Беларусь”, паведамляе мясцовы партал N1.

Гэтую інфармацыю пацвердзіла на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку” адвакат мужчыны Ганна Маціеўская.

Адзначаецца, што бок абвінавачання на пасяджэнні настойваў на тым, што ўсе ўмовы для выдачы Гнёта Мінску выкананыя, а абарона сцвярджала, што яго пераслед у Беларусі палітычна матываваны. Сам Гнёт паўтарыў у судзе, што не здзяйсняў крымінальнага злачынства, а Беларусь шукае яго пра яго палітычныя погляды.

Апеляцыйны суд разглядаў скаргу на рашэнне Вышэйшага суда ў Бялградзе, які 31 траўня пастанавіў выдаць Гнёта беларускім уладам. Мужчына ўтрымліваецца пад хатнім арыштам з пачатку лета.

Беларускія ўлады дамагаюцца экстрадыцыі Гнёта з Сербіі, абвінавачваючы яго паводле ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса (ухіленне ад выплаты падаткаў).

Увесну актывіста было вырашана выдаць Беларусі, але рашэнне ўдалося паспяхова абскардзіць, справу адправілі на перагляд.

41-гадовы Гнёт — рэжысёр тэлерэкламы і музычных кліпаў, журналіст і сузаснавальнік аб’яднання SOS.by, якое ў Беларусі прызнана “экстрэмісцкім фарміраваннем”.

Быў затрыманы 30 кастрычніка 2023 года памежнай службай Сербіі пасля прылёту ў Бялград і перададзены паліцыі. Прычына затрымання — знаходжанне ў міжнародным вышуку на падставе запыту Беларускага бюро Інтэрпола. Ведамства прасіла экстрадаваць Гнёта ў Беларусь для крымінальнага пераследу.

Мінск сцвярджае, што справа носіць эканамічны характар, абарона Гнёта настойвае, што яго пераследуюць з палітычных матываў.

За Гнёта заступіліся дэмакратычныя сілы, прадстаўнікі дыяспар, беларускія і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі, дзеячы культуры, Еўрасаюз, сітуацыя абмяркоўвалася з уладамі ЗША.

Падзяліцца: