Мінск 14:54

Беларускі амбасадар Дапкюнас удзельнічае ў святкаванні 80-годдзя Славацкага паўстання на запрашэнне прэм’ера Фіца

Фота: старонка прэм'ер-міністра Славакіі Роберта Фіца ў "Фэйсбуку"

29 жніўня, Позірк. На запрашэнне прэм’ер-міністра Славакіі Роберта Фіца дэлегацыя Беларусі ўдзельнічае ў святкаванні 80-годдзя Славацкага нацыянальнага паўстання, якое праходзіць 28–29 жніўня ў горадзе Банска-Бістрыца, паведамляе прэс-служба беларускага Міністэрства замежных спраў.

Паводле інфармацыі ведамства, у дэлегацыю ўваходзяць “нашчадкі ветэранаў паўстання і вызвалення Чэхаславакіі”, а таксама амбасадар у Аўстрыі, пастаянны прадстаўнік краіны пры АБСЕ і міжнародных арганізацыях у Вене Андрэй Дапкюнас.

Фіца, як сцвярджаецца, “на знак асаблівай павагі подзвігу савецкага народа прыняў 28 жніўня 2024 года ў сваёй рэзідэнцыі ў Браціславе дэлегацыю нашчадкаў ветэранаў паўстання з Беларусі і Расіі”.

На сустрэчы з кіраўнікамі дыпламатычных місій Беларусі і Расіі, гаворыцца ў паведамленні, адбылася “зацікаўленая нефармальная размова пра захаванне памяці аб подзвігу воінаў-вызваліцеляў і супрацы пры падрыхтоўцы святкаванняў 80-годдзя перамогі над нацызмам у Другой сусветнай вайне”.

Беларускае знешнепалітычнае ведамства сцвярджае, што “ўрад Славакіі надае вялікае значэнне ўшанаванню памяці ахвяр нацызму і подзвігу салдат і афіцэраў Чырвонай Арміі, якія ўдзельнічалі ў вызваленні краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у 1944–1945 гадах”.

На сваёй старонцы ў “Фэйсбуку” Фіца пацвердзіў факт сустрэчы з прадстаўнікамі Беларусі.

Пасля пачатку вайны РФ супраць Украіны, у якой рэжыму Аляксандра Лукашэнкі падтрымлівае Крэмль, беларускіх і расійскіх дыпламатаў адмовіліся запрашаць на шэраг знакавых мерапрыемстваў.

Сёлета ў красавіку запрашэнне амбасадараў Беларусі і Расіі стала прычынай таго, што кіраўнікі дыпламатычных прадстаўніцтваў краін Еўрасаюза адмовіліся ўдзельнічаць у цырымоніі ўскладання вянкоў з нагоды 79-й гадавіны вызвалення Браціславы. Фіца быў абураны гэтым фактам.

Стасункі Славакіі з рэжымам Лукашэнкі нельга назваць адназначнымі. Да нядаўняга часу Браціслава была паслядоўным крытыкам рэжыму ў Мінску. Беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская некалькі разоў наведвала гэтую краіну, сустракалася з папярэднім славацкім прэзідэнтам Зузанай Чапутавай (кадэнцыя завяршылася 15 чэрвеня 2024 года), членамі ўрада.

Аднак увосень 2023 года на парламенцкіх выбарах у Славакіі перамагла левацэнтрысцкая партыя “Напрамак — сацыяльная дэмакратыя” на чале з Фіца, які ў чацвёрты раз стаў прэм’ер-міністрам краіны (раней у 2006–2010, 2012–2016 и 2016–2018 гадах). За палітыкам замацаваўся імідж прарасійскага папуліста.

Новы міністр культуры Марціна Шымковічава ў сярэдзіне студзеня 2024-га адмяніла загад папярэдніцы Наталлі Міланавай, які забараняў культурнае і акадэмічнае супрацоўніцтва з Беларуссю і РФ. Забарона была ўведзена ў сакавіку 2022 года праз развязаную РФ вайну супраць Украіны.

Неўзабаве пасля гэтага, у сярэдзіне лютага, віцэ-спікер Нацыянальнай рады Славакіі Андрэй Данка прапанаваў аднавіць парламенцкія “групы сяброўства” з Беларуссю і РФ.

На абмеркаванні тэматычнага даклада 3 ліпеня ў рамках 56-й сесіі Савета па правах чалавека (СПЧ) ААН прадстаўніца Славакіі канстатавала “трывожную эвалюцыю парушэнняў правоў чалавека” ў Беларусі, адзначыўшы, што рэжым Лукашэнкі “павольна, але дакладна душыць іншадумства, планамерна працуючы над устараненнем” дысідэнтаў.

Падзяліцца: