Мінск 07:17

4,3 тыс. жыхароў краін Еўропы наведала Беларусь без віз за тыдзень — Дзяржпагранкамітэт

Ілюстрацыйнае фота: прэс-служба Дзяржпагранкамітэта

9 верасня, Позірк. З 2 па 9 верасня Беларусь у бязвізавым парадку ўехала 4.326 жыхароў краін Еўропы (тыднем раней — 4.127), сведчаць даныя Дзяржаўнага пагранічнага камітэта.

Сярод іншых у краіну накіравалася 1.407 грамадзян і неграмадзян Латвіі (1.358), 642 грамадзяніны Польшчы (692), 1.574 грамадзяніны Літвы (1.527) і 703 грамадзяніны з ліку жыхароў іншых еўрапейскіх дзяржаў з пашыранага пераліку (621).

Усяго з 15 красавіка 2022 года Беларусь наведаў 957.401 жыхар Еўропы. З Латвіі прыбыло 298.510 чалавек, Літвы — 558.641, Польшчы — 95.591, іншых краін, уключаных у пашыраны спіс, — 4.659.

Бязвізавы рэжым дзейнічае з 15 красавіка 2022 года для жыхароў Латвіі і Літвы, з 1 ліпеня таго ж года — для жыхароў Польшчы. Аляксандр Лукашэнка некалькі разоў падаўжаў яго тэрмін, апошні раз — да канца 2024 года.

19 ліпеня беларускія ўлады распаўсюдзілі бязвізавы рэжым на грамадзян яшчэ 35 краін Еўропы. Большасць з іх рэжым Лукашэнкі лічыць “недружалюбнымі” за тое, што ўвялі санкцыі альбо далучыліся да іх.

Згодна з апублікаванай 17 ліпеня заявай Міністэрства замежных спраў, гаворка пра жыхароў Аўстрыі, Андоры, Бельгіі, Балгарыі, Босніі і Герцагавіны, Ватыкана, Вялікабрытаніі, Венгрыі, Германіі, Грэцыі, Даніі, Ірландыі, Ісландыі, Іспаніі, Італіі, Кіпра, Ліхтэнштэйна, Люксембурга, Мальты, Манака, Нідэрландаў, Нарвегіі, Партугаліі, Румыніі, Сан-Марына, Паўночнай Македоніі, Славакіі, Славеніі, Фінляндыі, Францыі, Харватыі, Чэхіі, Швейцарыі, Швецыі і Эстоніі.

Яны могуць уязджаць у Беларусь без візы праз усе наземныя і паветраныя міжнародныя пункты пропуску “па сапраўдных дакументах”, знаходзіцца на беларускай тэрыторыі “не больш за 30 сутак з дня ўезду”.

Падзяліцца: