Мінск 00:30

Лукашэнка лічыць, што беларусам цяжка зразумець матывы еўрапейскіх эліт

Польскі плот на мяжы з Беларуссю
Ілюстрацыйнае фота: прэс-служба Памежнай аховы Польшчы

12 верасня, Позірк. Беларусы “абсалютна адкрытыя” і будуць адкрытыя для ўсіх, хто прыходзіць да іх “з чыстымі намерамі, з мірам”, такое меркаванне выказаў Аляксандр Лукашэнка 12 верасня ў Мінску на сустрэчы з прадстаўнікамі розных нацыянальнасцяў, якія жывуць у Беларусі.

“Таму беларусам складана зразумець, што рухае еўрапейскімі элітамі ў іх імкненні адгарадзіцца і зноў выбудаваць жалезную заслону (памятаеце, у чым яны нас пастаянна папракалі ў савецкія часы)”, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

Паводле яго слоў, беларускія ўлады, “разумеючы, што гэта шлях у нікуды”, у адказ робяць “для некага нечаканыя, але натуральныя і зразумелыя” для сябе крокі: “Мы, наадварот, адкрываем межы і звяртаемся да народаў Еўропы наўпрост. На шчасце, яны нас чуюць”.

З вясны — лета 2022 года для грамадзян Латвіі, Літвы і Польшчы дзейнічае бязвізавы парадак уезду ў Беларусь. 19 ліпеня 2024 года пералік краін, грамадзяне якіх могуць скарыстацца аналагічным правам, быў пашыраны за кошт яшчэ 35 краін Еўропы.

З 13 чэрвеня ў Польшчы дзейнічае буферная зона на мяжы з Беларуссю — у сувязі з агрэсіўнымі паводзінамі нелегальных мігрантаў, якія спрабуюць трапіць у ЕС. З 11 верасня яе дзеянне працягнута на чарговыя 90 дзён.

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і Еўрасаюза цягнецца з вясны 2021 года. Улады Польшчы і краін Балтыі называюць яго “гібрыднай атакай”, арганізаванай рэжымамі ў Мінску і Маскве. Ад пачатку года суседнія краіны ЕС спынілі 29.743 спробы парушэння мяжы з боку Беларусі.

29 чэрвеня Савет Еўрасаюза прыняў новыя абмежавальныя меры эканамічнага характару ў дачыненні да Беларусі ў сувязі з удзелам рэжыму Аляксандра Лукашэнкі ў расійскай агрэсіі супраць Украіны. Сярод іншага была пашырана забарона на перавозку грузаў аўтатранспартам па тэрыторыі ЕС прычэпамі і паўпрычэпамі з беларускай рэгістрацыяй, у тым ліку пры перавозцы грузавікамі, зарэгістраванымі не ў Беларусі.

З 16 ліпеня асобам на легкавых аўтамабілях з беларускімі нумарамі забаронена ўязджаць у ЕС праз пункты пропуску на мяжы Латвіі з Беларуссю і Расіяй, з 18 ліпеня — праз Літву (да 18 студзеня 2025 года дзейнічае шэраг выключэнняў). Аналагічную забарону ўвяла Эстонія.

Падзяліцца: