Мінск 02:13

Рассельгаснагляд узяў пад узмоцнены кантроль прадукцыю пяці беларускіх прадпрыемстваў

Ілюстрацыйнае фота: Enrico Mantegazza / unsplash.com

16 верасня, Позірк. Пастаўкі ў Расію прадукцыі пяці беларускіх прадпрыемстваў узятыя пад узмоцнены кантроль на падставе рашэння Федэральнай службы па ветэрынарным і фітасанітарным наглядзе (Рассельгаснагляд).

У лісце Рассельгаснагляду, адрасаваным Федэральнай мытнай службе, пазначана, што ўведзены ўзмоцнены лабараторны кантроль прадукцыі “Шчучынскага філіяла Гродзенскага абласнога спажывецкага таварыства цэх мясных паўфабрыкатаў” (у ялавічыне выяўленыя хіналоны — група антыбактэрыйных прэпаратаў), філіяла Барысаўскага мясакамбіната і каўбаснага цэха ААТ “Александрыйскае” (бактэрыі групы кішачнай палачкі ў ялавічыне); Жабінкаўскага камбікормавага завода (незарэгістраваныя і (або) перавышаючыя зарэгістраваныя лініі ГМА-кампанента ў карме сухім для котак), а таксама філіяла “Юніміт” прадпрыемства “Смалявічы Бройлер” (перавышэнні паказчыкаў тэсту на мікробную бяспеку ў паўфабрыкатах з птушкі).

Акрамя таго, у сувязі з “паўторным выяўленнем энрафлаксацыну ў кансервах з мяса птушкі для дзіцячага харчавання” часова абмежаваныя пастаўкі прадпрыемства “Белфуд Прадакшн”.

30 жніўня Рассельгаснагляд паведамляў пра вяртанне з Расіі на тэрыторыю Беларусі 470 кг ветэрынарных прэпаратаў.

Ведамства рэгулярна паведамляе пра спыненне кантрабанды тавараў з Беларусі.

24 ліпеня стала вядома пра вяртанне ў Беларусь 600 кг кантрафактных буякоў. Ягады везлі праз фітасанітарны кантрольны пункт Далосцы (Себежскі раён Пскоўскай вобласці РФ). Пункт знаходзіцца ля мяжы з Расонскім раёнам Віцебскай вобласці.

15 ліпеня Рассельгаснагляд паведаміў пра выяўленне “факта кантрабанды нарвежскай рыбнай прадукцыі праз Беларусь у Расію”.

Ведамства заявіла, што ў чэрвені 2024 года на аўтадарозе М1 Масква — Мінск быў спынены “транспартны сродак, які перавозіць рыбную прадукцыю сумнеўнага паходжання”. “У выніку кантрольных мерапрыемстваў выяўленыя парушэнні ў маркіроўцы тавару, таксама маюцца абгрунтаваныя сумненні ў сапраўднасці прадстаўленых ветэрынарных суправаджальных дакументаў”, — адзначыў Рассельгаснагляд.

У чэрвені ўпраўленне Рассельгаснагляду па Бранскай, Калужскай і Смаленскай абласцях вярнула ў Беларусь 5,4 тыс. харчовых курыных яек, якія везлі без дакументаў у “бруднай машыне”.

Падзяліцца: