Мінск 20:17

Беларусь развівае вайсковую інфраструктуру на сваёй паўднёвай мяжы — спікер памежнай службы Украіны

Фота: focus.ua

10 ліпеня, Позірк. Украінская выведка фіксуе развіццё вайсковай інфраструктуры ў памежных раёнах Беларусі, заявіў 10 ліпеня спікер Дзяржаўнай памежнай службы Украіны Андрэй Дземчанка.

“Гэта і палігоны, і месцы, дзе можна ўтрымліваць у далейшым асабісты склад або тэхніку, гэта і лагістычныя маршруты. У большасці выпадкаў гэта адбываецца па кірунку Чарнігаўшчыны і Кіеўшчыны. Менш гэта праглядаецца каля нашых заходніх абласцей — Валыні і Ровеншчыны”, — цытуе Дземчанку агенцтва “Укрінформ”.

Пры гэтым, паводле яго слоў, Расія працягвае аказваць ціск на Беларусь, каб схіліць яе да больш актыўнага ўдзелу ў вайне супраць Украіны.

“У цэлым тое, што адзначаюць падраздзялення разведак, Расія працягвае ціснуць на Беларусь для таго, каб і больш маштабна сваімі сіламі далучылася да вайны, развязанай Расіяй супраць нашай краіны, — удакладніў Дземчанка. — Беларусь гэтаму супраціўляецца, імкнецца ўсяляк не паддацца гэтаму ціску. Але пагроза для Украіны ў цэлым на гэтым напрамку захоўваецца, і наша задача ў першую чаргу — нарошчваць абаронныя магчымасці па лініі мяжы і ў памежнай, каб быць гатовымі да развіцця любых сітуацый”.

8 ліпеня намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення выведкі (ГУВ) Міністэрства абароны Украіны Вадзім Скібіцкі ў інтэрв’ю сайту “Апостраф” заявіў аб немагчымасці імгненнага пачатку “вайны з тэрыторыі Беларусі”.

Паводле яго слоў, расіяне могуць перакінуць свае войскі ў Беларусь “за адну тыдзень, 10 дзён”: “І там будзе групоўка, але цяпер такой групоўкі няма”.

Аляксандр Лукашэнка “не хоча быць непасрэдна уцягнуты ў вайну”, армія Беларусі не гатовая да такога, лічыць Скібіцкі.

Мінск падтрымлівае Маскву ў развязанай ёю ў лютым 2022 года поўнамаштабнай вайны супраць Украіны.

Падзяліцца: