Мінск 19:56

Ціханоўская выступіць на амерыканскім Форуме па бяспецы ў Аспене

Скрыншот: старонка спікера на сайце форума

11 ліпеня, Позірк. Беларускі дэмакратычны лідар возьме ўдзел у Форуме па бяспецы ў Аспене (штат Каларада, ЗША), які пройдзе 14–17 ліпеня.

Галоўны дарадца палітыка Франак Вячорка паведаміў Позірку, што яна наведае мерапрыемства 15–16 ліпеня.

Згодна з праграмай, Ціханоўская выступіць у другой дзень форума — на панэлі “Кантынентальны дрэйф: Еўропа ў пераходны перыяд” (15 ліпеня, 19:40–20:20 паводле мінскага часу).

Разам з ёй у дыскусіі будуць удзельнічаць генеральны сакратар Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Белен Марцінэс Карбанэл, міністр абароны і знешняга гандлю Бельгіі Тэа Франкен і яшчэ адзін госць, чыё імя стане вядома пазней. Мадэраваць размову будзе кіроўны рэдактар ​​The Washington Post Пітэр Шпігель.

У розныя дні ў форуме сярод іншых возьмуць удзел прэзідэнт Генеральнай Асамблеі ААН Аналена Бербок, віцэ-прэм’ер і кіраўнік МЗС Іарданіі Айман Сафадзі, міністр юстыцыі і бяспекі Нідэрландаў Давід ван Веел, міністр замежных спраў і ўсходнеафрыканскай супрацы Танзаніі Махмуд Камбо, міністр унутраных спраў Руанды Вінсэнт Бірута, парламенцкі дзяржсакратар пры федэральным міністры абароны Германіі Нільс Шмід, дзяржсакратар пры міністры замежных спраў і міністры абароны Фінляндыі Пасі Раяла.

Акрамя таго, заяўлены ўдзел намесніка памочніка прэзідэнта ЗША — выканаўчага дырэктара Нацыянальнага савета па энергетычным дамінаванні пры Белым доме Джарада Эйджэна, галоўнага дарадцы прэзідэнта Турцыі па пытаннях нацбяспекі і знешняй палітыкі Акіфа Чагатая Кылыча, гендырэктара Службы знешняй выведкі Эстоніі Каўпа Росіна, начальніка абароны Нарвегіі Эйрыка Крыстаферсана.

Форум па бяспецы праводзіць Aspen Strategy Group — незалежная група, створаная ў 1984 годзе пры прыватным амерыканскім аналітычным і адукацыйным Інстытуце Аспена (заснаваны ў 1949-м).

Падзяліцца: