Мінск 15:27

Продажы новых аўтобусаў МАЗ на рынку РФ знізіліся на 62%

Ілюстрацыйнае фота: сайт адміністрацыі Санкт-Пецярбурга

14 кастрычніка, Позірк. У верасні 2024 года на расійскім рынку прададзена 8 новых аўтобусаў Мінскага аўтамабільнага завода — на 61,9% менш, чым у тым жа месяцы 2023-га (21), сведчаць даныя агенцтва “АСМ-холдынг” (РФ).

За тры кварталы рэалізавана 335 адзінак гэтай тэхнікі (730 адз.; -54,1%).

Прадукцыя МАЗ у мінулым месяцы заняла 16-е месца ў спісе самых прадаваных брэндаў гэтага сегмента аўтарынку Расіі, канстатавалі эксперты. Доля на рынку склала 0,8%.

Лідарамі продажаў у верасні сталі расійскі ПАЗ (333; +43,5% у гадавым вымярэнні), кітайскі Yutong (152; +3,4%) і расійскі “Нефаз” (93; -36,3%).

За 2023 год беларускім прадпрыемствам рэалізавана 925 адзінак гэтага віду транспарту — на 11,1% менш, чым у 2022-м (1.040). Па выніках 2023-га, як і годам раней, МАЗ заняў 6-е месца ў адпаведным сегменце аўтарынка РФ.

“Усе чулі, у штогадовым пасланні прэзідэнт Расіі анансаваў, што да 2030 года суб’екты федэрацыі павінны атрымаць каля 40 тыс. аўтобусаў, тралейбусаў, трамваяў, электробусаў. Грошы на гэта выдаткаваныя. Задача беларускай прамысловасці — падключыцца і забяспечыць не менш як 30% патрэбных аб’ёмаў”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка 9 красавіка на нарадзе па развіцці прамысловасці.

Разам з тым ён адзначыў, што “айчынная прадукцыя саступае аналагам як у цане, так і ў якасці”.

У сталіцы Татарстана Казані (РФ) 8 ліпеня задыміўся рэйсавы аўтобус Мінскага аўтазавода. Паводле звестак расійскага МНС, інцыдэнт адбыўся на прыпынку грамадскага транспарту “Савінава”, у аўтобуса “перагрэліся тармазныя калодкі”.

У Санкт-Пецярбургу 3 студзеня загарэўся аўтобус, выраблены на беларускім прадпрыемстве. Паводле інфармацыі медыя “Фантанка”, ён належаў кампаніі “Дамтрансаўта”.

Паводле звестак расійскіх СМІ, у гэтым горадзе летась загарэлася не менш як 9 аўтобусаў МАЗ. Годам раней зафіксавана 8 такіх выпадкаў.

“У сувязі з наяўнасцю заўваг, якія патэнцыйна могуць прывесці да ўзгарання аўтобусаў, прынятае рашэнне аб прыпыненні эксплуатацыі на гарадской маршрутнай сетцы 137 аўтобусаў Мінскага аўтамабільнага завода (МАЗ 203047). Яны паступілі ў Пецярбург па кантрактах 2022 года”, — паведаміла 2 жніўня 2023 года прэс-служба дзяржпрадпрыемства “Пасажыраўтатранс”.

У адказ на запыт віцэ-губернатара Санкт-Пецярбурга Кірыла Палякова ў чэрвені 2022 года МАЗ паведаміў, што прычынай узгаранняў можа быць “трапленне алівы з сістэмы гідрапрывада вентылятара на гарачыя часткі рухавіка”.

“Ва ўмовах санкцыйнага ціску і парушэння лагістычных ланцужкоў пры пастаўках камплектаў гідрапрывада магла адбыцца замена правераных фланцаў на іншыя, аналагічныя паводле тэхнічных характарыстык, але якія не маюць правераных рэферэнцый”, — патлумачыў чыноўнік.

Выпадкі з узгараннем аўтобусаў МАЗ фіксаваліся і ў іншых гарадах Расіі, а таксама ў Беларусі.

Наяўнасць праблемы з беларускімі аўтобусамі ўскосна прызнаў Лукашэнку, які заявіў 19 верасня 2023 года на сустрэчы з губернатарам Краснадарскага края Веніямінам Кандрацьевым, што прычына ўзгаранняў пасажырскага транспарту ў Пецярбургу крыецца ў адсутнасці “якаснага і своечасовага абслугоўвання”. Ён прапанаваў наладзіць тэхабслугоўваньне на месцы сіламі беларускіх рамонтнікаў.

Падзяліцца: